epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Маме

Жыве на зямлі мая маці

У самым прасторным палацы —

У сэрцы удзячным маім.

Пакуль яму суджана біцца,

Яму пра цябе не забыцца,

Ты будзеш, матуля, у ім.

 

Мы, сталыя,— дзеці таксама,

Ты вельмі патрэбна нам, мама,

Хоць нас замяла сівізна.

Ніхто так чакаць не умее,

I хто так, як ты зразумее,

Як ты, ва ўсім свеце адна?

 

Прыходзіш у сны ты начамі,

Жывая стаіш прад вачамі,

I сэрца трапеча хутчэй.

З любоўю схіляюся нізка,

Як ты над маёю калыскай

Калісьці, не спаўшы начэй.


1980-1990

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.