epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Маміны пакуты

Мне ўсё жыццё

мая віна баліць —

Была у мамы

кожным раннім ранкам

Бяда з бяды —

як печ бы распаліць?

Сырым паленнем —

мала спадзяванкі.

 

І кожным ранкам —

лета ці зіма,

Адкуль у мамы

быць маглі спадзеўкі,

Калі штораз —

ні смаляка няма,

Ні пашчапанай сухенькае дрэўкі?

 

Чакала хата

раніцай цяпла.

А маме ля яе —

жыццё няміла.

Распальваючы печ —

і лёс кляла,

І нервы мама

кожны раз паліла.

 

Цяпер, «разумны»,

бачу праз гады:

Печ распаліць —

адкінуць спраў палову.

А трэба ў печы

наварыць яды,

А трэба ж бегчы

падаіць карову.

 

І зноў спраўляйся

падстаўляць плячо,

Спраўляйся ў гаспадарцы завіхацца —

Пасыпаць куркам,

накарміць свінчо,

Сям’і даць есці і —

ў калгас на працу...

 

Я быў блазнюк яшчэ —

даруй мне Бог.

Чаму ж тады я, ёлуп, ёлкі-палкі,

Меў вольны час,

а маме не памог,

Не нашчапаў лучыны для распалкі?

 

*

 

Мы побач з лесам

у той час жылі.

Дык што? Шавец —

і басанож застаўся?

Бярозы, сосны вунь —

бяры, палі,

Зразай, шчапай, сушы —

рыхтуй, не баўся.

 

О не! Да дроў —

занятасці сцяна.

Бацькоў штодзённа

«заядала» праца

Ў калгасе —

ад цямна і да цямна,

А потым трэба

й дома даглядацца.

 

Дык што? Зразай, шчапай,

сушы, палі?

Зразалі... з плеч у печ

сырнёг-палена.

Займацца дроўмі

не было калі,

А трэба ж накасіць

кароўцы сена.

 

А бульбачка —

наш залаты запас —

І шмат чаго рабілі,

зубы сцяўшы.

І гэта ўсё —

ў паслякалгасны час,

Не сеўшы,

не даеўшы,

не даспаўшы.

 

І ведалі — хоць воз,

хоць два цягні

Калгас вам не заплоціць —

анічога.

Адна ў калгасе плата — працадні,

Але й калгас тады

не меў другога.

 

І хоць усе ў сям’і

гібелі мы,

Нярэдка мама

з горыччу ўздыхала:

— Каму дык па каму,

мне ж — два камы...

І праўда —

маме горш за ўсіх хапала.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 6. Вершы. Гумарэскі. Паэмы. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 463 с.