epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Мамы слова

Мне дасталася мова маці,

А мамы мова —

горкі лёс,

Бо бульбінка —

была за шчасце,

Няшчасцем быў

нядолі воз.

 

І дзіўна — я не чуў ніколі,

Каб мама некага кляла.

Яна і ў час найгоршай долі

Дабрасцвярджальнасцю жыла.

 

Жыццё пасля вайны —

не гулі,

Ўсе выжывалі —

хто як мог.

А мы у той нястачы чулі

Адно ад мамы:

— З намі Бог.

 

Ён дапаможа,

знойдзе выйсце,

І будзем жыць, як да вайны...

І голад адступаў кудысьці,

Ды зноў вяртаўся ў нашы сны.

 

Зямлянка.

Жудасць.

Час суровы,

Навокал —

акіян бяды.

Нас ратавалі мамы словы

І абнадзейвалі тады.

 

Я ўспамінаю —

нібы дзіва,

Як у сячкарні тых падзей

Жыла матуля незласліва

І да жыцця,

І да людзей.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 6. Вершы. Гумарэскі. Паэмы. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 463 с.