epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Маналог

Як люблю я цябе, беларус!

Як люблю!

Ёсць падставы табой ганарыцца.

Кроў твая, пот і слёзы паілі зямлю —

Бачыш, брат? Прыняла іх зямліца!

 

О-о-о! Зямелька — жывая і чуе яна,

Ці ты плачаш, браток, ці святкуеш,

Ці туга над табой ад цямна да цямна...

Сёння стогне карміцелька... Чуеш?

 

He! He бачыш, не чуеш... Аслеп і аглух,

Лёд пад сэрцам выстуджвае грудзі.

Згодзен, згодзен... для статка патрэбен пастух,

Дзякуй Богу, не статак мы — людзі.

 

Я і ты — як блізняты, дзве кроплі вады,

Хоць між намі — хлусні землятрусы.

Мы з табой — гістарычна навек, назаўжды

Ад адзінай зямлі — беларусы.

 

Ты і я — гэта тое адзінае мы,

Што адным перахрышчана горам,—

He ўваскрэс родны край, ён і сёння — нямы,

Бо на месцы вытупваем... Сорам!

 

Як наблытаў скразняк у тваёй галаве,

Быццам ты выпіў залпам штрафную...

Зразумеем! Ачнёмся! Надзея жыве!

Я нашу яе ў сэрцы, шаную.

 

*

Як бывае ў сям’і?

Калі хто занямог —

І астатнія ходзяць пад горам,

І яны дзень і ноч аж збіваюцца з ног,

Непакояцца, б’юцца над хворым.

 

Ціха тут — весяліцца ля хворага грэх.

І хоць гэта зусім не жалоба,

Тут не чутны ні жарты, ні песні, ні смех,

Аж пакуль не адступіць хвароба.

 

Сёння нешта падобнае бачна і ў нас,

Заядае нас смутак мацёры.

Ані песняў, ні смеху не чутна ўвесь час —

Хтосьці з нас... несвядомасцю хворы.

 

Ах! Якая хваробішча — Бог барані!

Светапогляд — як лёд нерухомы.

Як яго растапіць, калі ён — у цяні?

Чым узрушыць спакой несвядомы?

 

Гэта жах — непатрэбна сляпому святло,

А глухому — птушыныя спевы...

Несвядомасць бяздумна, як тое быдло,

Падратуе любыя засевы.

 

Многа нас захварэлых, усіх не злічыць,

Час патрэбен і паразуменне.

Цяжка нас ратаваць, несвядомасць лячыць,

Але ўсё ж лёд растопяць праменні.

 

*

Кажуць — першым усё ж такі слова было,

Ў свеце цешацца роднаму слову.

Слова — той жа выток, слова — тое ж святло...

Што ж, давай пагаворым пра мову.

 

Мы чужымі зрабіліся самі сабе,

Адцураўшыся роднага дома.

І тады ўжо, як граблі нам трэснуць па лбе,

На хвіліну падумаем: «Хто мы?»

 

Але думка-маланка згасае. І зноў

Мы — не мы, мы — пусці павалюся...

Колькі нас несвядомых дачок і сыноў

Адцураліся ад Беларусі?

 

Помніш, брат, калыханку? Гаворку бацькоў?

А маленства? Няўжо і не сніцца?

Слова продкаў — з далёкіх, мінулых вякоў

Прабівалася ў свет, як крыніца.

 

Нам бы ўзяць ды расчысціць крынічны выток,

Мы ж — забрудзілі гэта бруенне...

Што мы маем цяпер? Ратавальны глыток,

Ды і той пад пагрозай знішчэння.

 

Мова — крылы душы, мова — ў цемры маяк,

Мова — гэта й жыцця адчуванне.

Нам без мовы сваёй не ўзляцець аніяк,

Нам без мовы — у цемры блуканне.

 

І паўзём — не ляцім. Пры святле — слепакі,

Бо чужыя ў нас розум і мова.

Мы, калісьці адно, сёння — толькі шматкі,

Як сабраць, чым з’яднаць нас нанова?

 

*

Што ўсё я гавару? Што маўчыш ты, мой брат,

Мой зямляк, суайчыннік, таварыш?

Я цябе папракаў — кінь папрокі назад,

Кажуць, кашы без спрэчкі не зварыш.

 

Паспрачайся са мной, памяркуй, падкажы

Можа, ісціну знойдзем за кашай.

Паміж намі няма аніякай мяжы,

Акрамя несвядомасці нашай.

 

Ты маўчыш, я замоўкну, замоўкнем усе,

Як матор непатрэбны, іржавы.

Азірніся, куды гэта плынь нас нясе,

Глянь на сімвалы нашай дзяржавы!

 

Зазірні ў мае вочы, а я — у твае,

Вочы — люстра душы, слоўнік думак.

Паразважым, чаго нам з табой нестае,

Абмяркуем далейшы кірунак.

 

Мы ад заклікаў стлелых ачысцім свой слых,

І на зоркі зірнем, не пад ногі.

Мы ад лозунгаў нежыццяздольных старых

Адштурхнемся да новай дарогі.

 

Вунь і сонца ўзыходзіць — наперадзе дзень,

Аднавіцца катораму рупіць.

Расчыні сваё сэрца й мінулага цень

Промням жыццясцвярджальным саступіць.

 

Аднаўляе зямлю пасля доўгай зімы

Хто?

Вясна прыбярэ ўсё, расцвеціць.

Хто адновіць наш дом — Беларусь?

Толькі мы!

Беларусі нязломленай дзеці.

 

Будуць святы пісьменства у нас, кірмашы,

Будуць конкурсы песень, пленэры!

Адладкуем умовы для ўзлёту душы —

Будзе ўсё — не губляй толькі веры!

 

Раптам чую адказ: — Ды пайшоў ты адсюль!

Ажно пырснулі слінкі скрозь словы.

Вось і ўвесь дыялог... Пошук ісціны — нуль...

Размінуліся нашы галовы.

 

— Што ты, маць тваю, чэпішся тут да людзей?!

Чую збоку другога «дарадцу».—

Ты заместа сваіх непатрэбных ідэй

Кілбасу нам вярні па руб дваццаць!..

 

Вось і ўвесь дыялог...

Ды пачуе глухі!

Ды убачыць сляпы! Дай, Бог, сілы!

Адпусці ненаўмысныя нашы грахі —

Хай у кожнай душы будуць крылы!

 

*

«А пайшоў ты адсюль...» — чую словы-нажы.

He прымаю я іх, не міруся.

А куды беларус з Беларусі, скажы,

Можа йсці? Толькі да Беларусі!

 

Нас і так падзяляюць на «свой» і «не свой»,

Падазронасці клін паміж намі.

Хопіць нам ужо думаць чужой галавой —

Паварушым сваімі мазгамі!

 

Вернем мову сваю, жыццяздольны настрой,

Скарацім паміж намі адлегласць...

Як шкада, што не собіла сёння з табой

У размове крануць незалежнасць.

 

Незалежнасць — яна даражэй каўбасы,

Берагуць незалежнасць, шануюць.

За свабоду спрадвек, ды і ў нашы часы

Ва ўсім свеце жыцця не шкадуюць...

 

Мы маглі б абмяркоўваць, каб ты дапамог,

Існасць лёсу і дзе яно, выйсце.

Але ты не схацеў падтрымаць дыялог,

З маналога — не многа карысці.

 

«Ды пайшоў ты адсюль...» — зразумела куды.

Крыўдна слухаць — ды я не крыўдую.

Трэба біцца з хваробай хоць год, хоць гады...

Я люблю цябе, брат, і... шкадую.

1991


1991

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 2. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 751 с.