epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Мара

Я так хачу, каб больш паэтаў стала,

Як проціва́га прозе шэрых дзён.

Душа зямлі адтала б, акрыяла

І прасвятлеў бы неба парасон.

 

Тады б убачыў кожны мараў плённасць,

А ў зорках неба —

казачны салют,

У поглядзе людзей —

душы бяздоннасць,

А ў кропельках расы —

вялікі цуд.

 

Складалі б песні, оды

дням-маланкам,

Вянкі з усмешак

кожны б дзень плялі,

Казалі б людзі людзям:

— З добрым ранкам!

І сонцу, травам,

матылькам, зямлі.

 

Я так хачу,

каб больш было паэтаў,

Якія б упрыгожылі вякі.

Але для строф,

для песенных куплетаў

Патрэбны чытачы і спевакі.

 

Жыццё падчас

вядзе да заняпаду

Час-спажывец.

бяздарны дылетант,—

Тады паэты пішуць у шуфляду,

А чытачы...

чытаюць прэйскурант.


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.