epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Мара

Я балюча шкадую,

што не чарадзей,

Што жыццё пражываю

амаль без карысці.

Я рабіў бы выключна

дабро для людзей,

Каб, з жыцця адыходзячы,

локці не грызці.

 

Час над светам ляцеў,

нібы птах без крыла,

Час стагнаў і крывавіў,

залізваў ён раны.

Горы, гмахі, завалы ―

натворана зла,

Моры слёз налілося,

крыві акіяны.

 

Чалавецтву чамусьці

была «не з рукі»

Поўніць мірам і згодай

жыццёвую чашу.

Не!.. З мячом і пажарам

яно праз вякі

Ваяўніча дайшло

аж да нашага часу.

 

Я чароўную сілу

спаўна б скарыстаў,

Не стаміўся б пра ўсіх

катаваных маліцца.

Я зрабіў бы, каб кожны

загінуты ўстаў

З Куліковага поля,

З Барадзінскай зямліцы.

 

Я наўсцяж расхінуў бы

заслону часоў,

Я спыніў бы трагедый

крывавыя плыні.

Не было бы

арыйска-каўказскіх вусоў,

Ленінградскай блакады,

зруйнаванай Хатыні.

 

Не было бы заўчасных,

гвалтоўных смярцей

І канцлагераў ―

жах гэты нечалавечы.

Не глыталі б мужчын

і жанчын,

і дзяцей ―

Незлічоных ахвяр

ненажэрныя печы.

 

Я ў мінулае

толькі б аднойчы не лез,

Ўсё б пакінуў

на тым самым месцы злачасным ―

Не змяніў, не крануў бы

Нюрнбергскі працэс

Як урок еўрапейскім

«арыйцам» сучасным.

 

Я б дазволіў і людзям

раскрыць сцяты рот,

Каб сваім меркаванням

далі яны волю.

Хіба ж можа адзін,

аж за цэлы народ,

Быць больш мудрым

і не памыляцца ніколі.

 

Гэта ён, той «адзін», ―

помнік быў пры жыцці,

А пад ім «пастамент» ―

і народ, і свабода.

Ён быў здольны

і чорнае ў белым знайсці ―

І народ шматмільённы

стаў «вораг народа».

 

Штучна ўтвораных

жудасных бед не злічыць,

Ў сэрца б’ецца бяда

за бядою набатам.

Колькі болю і ран ―

іх бы ўсе залячыць...

Я б надзейна найперш

закілзаў мірны атам.

 

Я б вярнуў да жыцця тых,

хто ноччу і днём

Нам жыццё ратаваў,

ратаваў чалавецтва.

Тых, хто радыяцыйным

нябачным агнём

Быў бязлітасна спален,

зменшыўшы бедства.

 

Жыватворным цяплом

чараўніцтва свайго

Я б здароўе вярнуў

без віны вінаватым.

Я б узвёў саркафаг,

каб не збег з-пад яго

Аніводзін!

Людской безадказнасці атам.

 

Я б сцішаў землятрусы

нябачнай рукой,

Каб яны нам здаваліся

лёгкімі снамі.

Я бы меншыў да хвалі

ласкавай марской

Акіянскія жахі ―

забойцы-цунамі.

 

Я б глухім слых вярнуў,

а аслеплым бы ― зрок,

Я б скалечаных ―

хутка паставіў на ногі.

Я б усім!

Я б усім!

Я б усім дапамог!

Вы ж не супраць,

каб мары спаўняліся, Богі?

2016


2016

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 2. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 751 с.