epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Мара

Стасік, як і ўсе дзеці яго ўзросту, любіў маляваць. Сядзіць над лістом паперы, нізка нахіліўшы галаву і незразумела, алоўкам ён выводзіць на паперы ці носам.

Калі нехта з бацькоў, ідучы ў краму, пытаўся ў яго: — «Ну, які ласунак табе прынесці?»— ён коратка адказваў: «Алоўкі!»

І бацькі, разам з ласункам, прыносілі яму і каляровыя алоўкі, і альбом для малявання.

Стасік маляваў зайцоў, кветкі, птушак ды матылькоў. Ішлі гады, ён намаляваў дзяўчынку. Ды такую прыгожую, што не мог адарваць вачэй ад свайго тварэння.

На малюнку была толькі галава дзяўчынкі — яе выразлівыя, амаль жывыя вочы, яе, з лёгкай усмешкай вусны, і сцякаючыя лёгкімі хвалямі на два бакі, валасы. Стасік адклаў у бок партрэт і хацеў намаляваць яшчэ што-небудзь, але твар дзяўчынкі непакоіў і прыцягваў да сябе.

Ішлі дні. Цяпер, прыбегшы са школы. Стасік, найперш, чым есці ці садзіцца за выконванне хатняга задання, даставаў партрэт і падоўгу глядзеў яму ў вочы.

Непрыкметна для сябе, хлопчык па-дзіцячаму закахаўся ў намаляваную ім жа дзяўчынку. Ён нават павесіў партрэт над сваім ложкам, каб заўсёды бачыць яго.

Маці аднойчы спыталася:

— Хто гэта, Стасік? Каго ты намаляваў? Як яе імя?

— Не ведаю,— сумна адказаў ён,— А імя я даў ёй Мара.

— Мара? — здзівілася маці,— такіх жаночых імёнаў няма, сынок.

— А ў яе будзе! — цяпер ужо рашуча заявіў хлопчык,— Ёсць жа такія імёны як Надзея ці Вера...Чым горшае імя Мара?

— Няхай будзе Мара,— згадзілася маці,— і сапраўды, гэта прыгожае слова.

Аднойчы, вярнуўшыся дамоў са школы, Стасік з жахам заўважыў, што над яго ложкам вісіць чысты ліст паперы — выява дзяўчынкі знікла.

Ледзь стрымліваючы слёзы, ён кінуўся да маці:

— Мама, гэта ты зняла партрэт дзяўчыны з-над ложка? Навошта?

Маці ўвайшла ў дзіцячы пакой і здзівілася не менш за сына:

— Стасік, я не чапала партрэт! Ён і мне самой падабаўся... Дзіва! Пайду, спытаюся ў бацькі, але...

— Не! Навошта мне яго здымаць? — запратэставаў бацька,— Ён што, піць ці есць ў мяне прасіў?

Стасік больш ўважліва разглядзеў ліст паперы і ў самым рагу знізу заўважыў свой, ледзь бачны надпіс: Мара.

Так, гэта быў менавіта той самы ліст паперы, на якім ён намаляваў дзяўчынку — але куды дзеўся сам малюнак?

Стасік вельмі засмуткаваў, бо ведаў, што паўтарыць партрэт не зможа.

Наступным днём хлопчык нават не пайшоў у школу — ён нікога не хацеў бачыць і чуць. Здавалася, што жыццё страціла цікавасць і каляровасць. Але жыццё працягвалася і ў школу ўсё ж ісці прыйшлося.

Першае, што пачуў Стасік, адчыніўшы дзверы ў клас, было захапленне яго сяброў, якія шумна аб’яўлялі сябру навіну:

— У нас новенькая! У нас новенькая!..

Усе вучні добра ведаюць, якую вострую зацікаўленасць выказваюць усе дзеці да новенькага вучня ў класе, быццам гэта не такі ж, як і яны, хлопчык ці дзяўчынка, а лунацік альбо марсіянін.

Вось і Стасіка глушылі сёння водгукі:

— Новенькая! Новенькая!

Стасік, пасля страты партрэту Мары, даволі абыякава адрэагаваў:

— Ну й што?.. Падумаеш...

Але тут у клас ўвайшла «новенькая». Стасік ажно ўголас войкнуў, затым кінуўся да дзяўчынкі і, гледзячы на яе шырока адкрытымі вачамі, выдыхнуў:

— Ты Мара?!

Усе, хто быў у класе, неяк разгублена канстатавалі:

— А-а..Дык вы, аказваецца, знаёмыя...

На Стасіка глядзеў намалёваны ім колісь партрэт — тыя ж вочы, тыя ж вусны, тыя ж ручайкі локанаў. Партрэт, які таямнічым чынам знік з ліста паперы, нечакана праявіўся ў жыцці.

Новенькая, якую Стасік назваў Марай, здзівілася:

— Табе сказалі маё імя?

— Не,— ціха прамовіў хлопчык,— яго прыдумаў я сам... Прыдумаў даўно... І цябе ведаю даўно — і не толькі ведаю...

— Дзіўны нейкі! — крутнулася дзяўчынка і пайшла на сваё месца.

Пасля ўрокаў Стасік падыйшоў да дзяўчынкі і дрыготкім голасам папрасіў:

— Мара, дазволь я правяду цябе дамоў. Мне вельмі трэба з табой пагаварыць.

— Калі ласка! — весела адказала яна,— Я ў вашым класе новенькая, і ў горадзе вашым таксама ніколі раней не была. Я так мала ведаю пра ваш горад і пра школу, таму мне цікава будзе паслухаць цябе.

Але Стасік пачаў гаворку не пра горад і нават не пра клас:

— Скажы, Мара адкуль ты ўзялася?

— І сапраўды ты дзіўны! Як адкуль? Прыехала з бацькамі з другога горада ў ваш. Тата ў мяне вайсковец і яго часта, як ён кажа, перакідваюць з аднаго месца на другое. Мы з мамай да гэтага ужо прывыклі.

— А я думаў...— расчаравана ўздыхнуў Стасік.

— Што думаў? — спыталася яна.

— Ды так... Нічога...

Дзяўчынка засмяялася і працягвала:

— Калі ты спытаўся, адкуль я ўзялася, мне прыпомніўся мой сон, быццам мяне на самой справе намаляваў нейкі хлопчык і...

— І што? Што і?..

— І ўсё! — зноў засмяялася яна.— Я нават маме пра гэты сон не расказвала, а табе чамусьці расказала.

— Гэта быў не сон! — усклікнуў Стасік,— Не сон!

— Ты мяне палохаеш! — спынілася дзяўчынка,— Ты што, хочаш сказаць, што ў мяне няма бацькоў? Што я — партрэт неадушаўлёны? Так?

— А імя Мара табе хто даў? — гарачыўся Стасік,— Можа, скажаш бацькі?

— Ты — дзівак і фантазёр,— суха сказала Мара,— і хопіць пра мяне! Раскажы лепей пра горад і пра сябе.

Але Стасік адчуў ў душы нейкую мешаніну. Ён не разумеў, што адбываецца — дзе рэаліі жыцця, а дзе фантазія? Усё пераблыталася.

— Прабач, Мара, мне трэба дамоў,— і ён пайшоў сваёй дарогай.

Ішоў час. Стасік і Мара ссябраваліся і ніхто ўжо не здзівіўся, калі бачылі іх разам. А бачылі іх разам — кожны дзень.

У сёмым класе, у самы разгар зімовых канікул, Стасік на катку разагрэўся, прастудзіўся і моцна захварэў. Яму было сорамна перад аднакласнікамі і асабліва перад Марай за сваю «кволасць», таму ўсім, хто тэлефанаваў ці стукаўся ў дзверы, маці Стасіка, па яго просьбе, адказвала: — «Ён паехаў да сваякоў у другі горад і будзе няхутка».

І гэта была яго памылка, бо пасля канікулаў, прыйшоўшы ў клас, ён пачуў:

— Мары болей у нашым класе няма. Яе бацьку зноў тэрмінова перавялі ў новы гарнізон і за ім паехала ўся сям’я. А куды — невядома.

Стасік выбег са школы неапрануты, у адным касцюме і кінуўся...

Куды бегчы? Да каго? Дзе шукаць тую, каго ён даўно, яшчэ па-дзіцячы пакахаў?

Ён бег па горадзе, хапаючы раскрытым ротам марознае паветра, не заўважаючы людзей і машын.

Яго раптам спынілі. Спынілі і пасадзілі ў міліцэйскую машыну, каб не даць замерзнуць і каб высветліць: што здарылася з маладым хлопцам, які ў мароз распрануўся і — ці ад некага ўцякае, ці кагосьці даганяе.

У аддзеле міліцыі яго напаілі гарачым чаем і спыталіся:

— Што здарылася, малады чалавек?

— Я шукаю Мару! Падкажыце, дзе знайсці мне Мару? — Як закліканне паўтараў Стасік.

Яму спагадліва адказалі:

— Кожны чалавек мае мару, ды, на жаль, не кожны яе шукае. Мяркуючы па таму, як ты бег, ты сваю мару знойдзеш. Не хвалюйся! А пакуль мы адвязём цябе дамоў.

Абяссілены хлопец паслухмяна сеў ў машыну.

Дома маці працягнула сыну канверт:

— Стасік, табе пісьмо!

Ён схапіў канверт, ліхаманкава разадраў яго і прыціснуў ліст да грудзей.

Мара знайшла яго!



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 5. Казкі. Прыгоды / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2017. - 495 с.