epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Мару не марыць

Марыў я набыць здароўе,

Бегаць у спартзал штодня.

Ды ад мары адыйшоў я,

Сеў на белага каня.

 

Я свабодным жыць маніўся,

Каб не гнуцца у дугу.

Але здуру ажаніўся,

Зараз — як на ланцугу.

 

Вельмі марыў стаць прыгожым,

Падцягнуў свой твар хутчэй.

У люстэрка зірк — о Божа!

Жах такі, не сплю начэй.

 

Марыў стаць крутым, багатым,

І украў, нажыў бяду,

Але хваць мяне й за краты —

З нараў злез, дамоў іду.

 

Ну аб чым цяпер гутарыць —

Час ідзе, жыццё бяжыць.

Мару я цяпер не марыць,

А ў рэальнасці пажыць.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 14. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2021. - 376 с.