epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Мары Ўсявышняга

У Божы Храм,

даўно пабудаваны,1

Ў святочны дзень

і ў будні, кожны год,

Ўсявышняй святавераю прызваны,

Ідзе маліцца

вернікаў прыход.

 

Ідуць паволі

вернікі да Бога,

Спіхнуць малітвай

нейкі грэх з душы.

І тут праклалі

сцежку ля парога,

Вялікія лясныя мурашы.

 

У іх, як і у нас,

свая дарога,

Снуюць уздоўж сцяны —

што іх вініць?

Але трапляюць

мураўі пад ногі

І гінуць, і, на жаль,

іх не спыніць.

 

Я паказаў іх

святару аднойчы,

А ён махнуў рукой,

схаваўшы злосць:

— Яны ўжо намазолілі

мне вочы,

І труцілі мы іх,

а вынік — вось.

 

 

Балюча гэта чуць было,

бо мары

І нашы

І Ўсявышняга заўжды —

Каб на зямлі

у кожнай Божай твары,

Было жыццё

і не было бяды.

1 в. Жукаўка, Храм, пабудаваны ў 1706 г. ў гонар святых першавяхоўных апосталаў Пятра і Паўла



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 8. Вершы. Паэмы. Гумарэскі. Байкі. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 511 с.