epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Марыя

Народнай артыстцы Беларусі

Марыі Захарэвіч

прысвячаю

 

Дзве коскі,

Тоненькая шыйка,

Сама, як лёгкі матылёк —

Неўтаймаваная Марыйка

Чуваць была й відаць здалёк.

 

То неба пазірала з вочак,

То бліскаў сонечны прамень.

І не сціхала, як званочак,

Марыйка кожны Божы дзень.

 

Яна на лузе,

Паміж красак,

Была, як кветачка, сама.

Напэўна, й на старонках казак

Такой разумнічкі няма.

 

То шчабятала, як стрынатка,

Гукала ветру:

— Дагані!

Душою шчыраю дзіцятка

Ў жыццё пускала карані.

 

Бог даў для гуляў час дзіцяці,

І ўсё ж Марыйка, як магла,

Ва ўсім дапамагала маці,

Старанна прыбірала ў хаце —

Рупліўкай-пчолкаю была.

 

Яна употай размаўляла

З вадой, раслінаю, зямлёй.

Дзіцячым сэрцам адчувала,

Што адгукаліся ўсе ёй.

 

Пад звонкім купалам вясёлкі,

Пад блаславёнасцю нябёс,

Пачаўся з вёскі Навасёлкі

Марыйкі той далейшы лёс.

 

*

О ты, маленства залатое!

Марыйцы — пяць!

Як цуд гады!

І раптам чорнаю слатою

Закрыў вясёлку цень бяды.

 

І цішу крык жанчын валтузіў,

Як абвясцілі ўсім:

— Вайна!

І пачарнелі краскі ў лузе,

І да мінулага — сцяна.

 

А будучыня?..

Невядомасць...

І ноч — не неба ўжо ў вачах,

А у душы уся «маёмасць» —

Непрадказальнасць, боль і жах.

 

На жаль, сусветнае злачынства

Прадухіліць і Бог не змог.

Вось так Марыйкіна дзяцінства

Нявечыць стаў вайны малох.

 

Цяпер — і кожны ранак золкі,

І захлынаўся дзень ад хмар —

Спалілі немцы Навасёлкі,

На хатнішчах курыўся жар.

 

Зямля — у попеле і дыме,

Вось ён, бяды сапраўднай знак.

Вяскоўцы — і Марыйка з імі,

Ўсе ратаваліся, хто як.

 

Хто начаваў у лесе, ў полі,

А хто зямлянку рыў, як крот.

Ох і глынулі ж горкай долі

І жудасці ваенных год.

 

*

Адхлынула нарэшце ліха,

Мінуў час гора і выцця.

І людзі пачалі паціху

Душой вяртацца да жыцця.

 

І ачунялі на зямельцы,

Параненай, але жывой,

І рупіліся пагарэльцы,

Каб дах займець над галавой.

 

Мір атуляў і Машу-пчолку,

Хоць сны палохала вайна.

І ў верасні пайшла у школку,

Ужо падросшая яна.

 

У школцы — ўдумліва, старанна,

Быў кожны крок, як крыл узмах,

Хаця была адукавана

Жыццём сваім не па гадах.

 

Вучыцца прагнула, вучыцца —

Заўсёды веды ў свет вялі.

Вось так на Мядзельскай зямліцы

Расла дачка ўсяе зямлі.

 

*

Як вучыць прымаўка нас тая —

Хто сее — той затым і жне,

Хто крылы мае — узлятае,

Хто не — таго узлёт міне.

 

Гады узнеслі маладыя

З гнязда ў нязведаны абшар —

Марыйка...

Не, ужо Марыя

Адчула покліч светлых мар.

 

Ды як было іх не адчуці

У мірны час, пасля нягод.

І ў тэатральным інстытуце

Мацнелі крылы што ні год.

 

Лёс выпаў маладой жанчыне

Раскрыць свой талент на ўсе сто,

Ісці праз церні да вяршыні,

Быў на каторай мала хто.

 

Духоўнасць не давала збояў

У барацьбе дабра і зла.

Яна жыццём усіх герояў

Крывінкай кожнаю жыла.

 

О як іграла!

Як іграла

Шматлікіх гераінь яна,

Бо ўсё, што сэрца хвалявала,

Сама ў жыцці піла да дна.

 

І сэрца рвалася на часткі

Пад гмахам роляў —

Безліч іх.

Яна жыла «трывожным шчасцем»

На сцэне і у снах сваіх.

 

І несла «сэрца на далоні»

Праз весялосць,

Праз горыч слёз.

І часу пульс пранізваў скроні,

І рытм жыцця пранізваў лёс.

 

Спектакляў не злічыць ніколі

І ўдзячных слоў ад гледачоў.

І ўсё ж галоўныя ў іх ролі —

Жанчына, Маці і Любоў.

 

Было ж яшчэ кіно, дзе ролі

Бліскуча выкананы ёй

Пра місію жаночай долі,

Пра лёс жанчын, а, значыць, свой.

 

А хто ж часы забудзе тыя,

Пра той, яшчэ адзін казыр —

Дзяржава голасам Марыі

Жыла праз радыёэфір.

 

І не ўяўлялі дзень ніводны

Без жыццяважных перадач.

Марыі голас, нібы родны,

Знаў кожны радыёслухач...

 

Так шмат даў Бог адной жанчыне,

Што колькі не распавядай,

Усё агучыць немагчыма —

Жыццё насычана — праз край.

 

Пра той, малой Радзімы гены,—

Пра Навасёлкі нашых дзён,

Пра выступленні ўсе са сцэны

З паэтамі — іх шмат імён.

 

Пра паважаны век, пра ранні,

Пра вершы з-пад яе пяра,

Пра ўзнагароды ўсе, пра званні —

Ёсць незлічонасць розных «пра...»

 

Ды пра адно сказаць асобна

Хачу, каб ведаць ўсе маглі —

Яна асобай Богаўгоднай

Ідзе па роднае зямлі.

 

Ідзе па гарадах і вёсках

З паломнікамі, як сама.

І больш святых заняткаў Боскіх

У гэты час для іх няма.

 

Агонь святы і жыватворны

Нясуць у трапяткіх руках.

Нясуць, каб змрок агідны чорны

Не засланіў святло ў вяках.

*

Што можна тут яшчэ дакласці

На шалі доследу майго?

Напрыклад — што такое шчасце?

А гэта ўжо — як для каго.

 

Ёсць тэмы, закранаць якія

Недалікатна ўголас мне.

Пра шчасце лепш сама Марыя

Адкажа, а, магчыма — не.

 

Жывіце ў шчасці!

Шчыра зычу.

Хоць тут ва ўсіх свая цана.

І ўсё ж мы ўсе за шчасце лічым,

Што ёсць Марыя!

Ёсць яна!

2018


2018

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 11. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2019. - 452 с.