epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Масточак

Той масток,

што нас з табою звязваў,

Віснуў над рачулачкай без назвы,

Годны быў для малае вагі.

І таму ён праслужыў

так мала,

Даўся ў гніласць —

і яго не стала,

І цяпер сумуюць берагі.

 

Дошчачка адна

і два бярвенцы —

Вось і берагі-паразуменцы,

І здзяйсненне маладых надзей.

Той масточак

быў сваім для рэчкі,

Раз’ядноўваў недаказы й спрэчкі,

Бо яднаў каханне і людзей.

 

Ах, як сэрца

б’е у скроні гулка —

Прывітанне, мілая рачулка,

Ты цякла па часе маладым.

А цяпер, мінулым абагрэты,

Я стаю на беразе,

на гэтым,

А юнацтва светлае на тым.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 7. Вершы. Паэмы. Апавяданні. Казкі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 408 с.