epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Матуля

Быццам светлая раніца

новага дня,

Ты даўно на нагах,

нібы сну не было.

Не, не сонца ўзышло,

а твая цеплыня,

А вачэй тваіх, маці,

ласкавых святло.

 

Ой, матуля, прысядзь,

адпачні ад дарог,

Ад бяссонных начэй,

Ад вірлівых падзей.

Каб я сілы табе

перадаць свае мог,

Ты бы стала

на многа гадоў маладзей.

 

А гады за табою

спяшаюцца ўслед,

І не дзецца нідзе,

не схавацца ад іх.

І здаецца, што гэты

прыцішаны свет

Пачывае на шчырых

далонях тваіх.

 

Ой, матуля, прысядзь,

адпачні ад дарог,

Ад бяссонных начэй,

ад вірлівых падзей.

Каб я сілы табе

перадаць свае мог,

Ты бы стала

на многа гадоў маладзей.

 

Залатыя, руплівыя

рукі твае

Расхінулі начны,

насцярожаны цень.

Вось і сонца ўстае,

й салавейка пяе —

Каб уславіць цябе,

прачынаецца дзень.

 

Ой, матуля, прысядзь,

адпачні ад дарог,

Ад бяссонных начэй,

ад вірлівых падзей.

Каб я сілы свае

перадаць табе мог,

Ты бы стала

на многа гадоў маладзей.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 10. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2018. - 432 с.