epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Мазаічнасць

Дзіўна — ёсць маралі амаральныя,

Праўда ёсць, ды ў кожнага свая.

Прыгажосць і жорсткасць — сумяшчальныя,

Думка масаў — думка нічыя.

 

Чалавек — істота мазаічная,—

Нішчыў, сеяў, будаваў, араў.

Ўсё, што ёсць вакол антаганічнае,

Паэтычнае і празаічнае,

«Так» і «не» — ўсё пакрысе ўвабраў.

 

І з антаганічнасці і спрэчнасці

Лепіць ён сябе ўвесь свой век.

Логіка жыцця і недарэчнасці,

Праўда-матка й каверзы-заплечнасці,

Зло й дабро —

Усё гэта чалавек.

 

Колькі рысаў!

Як яны ўжываюцца,

Творачы душы калейдаскоп?

Спяць адны, другія вытыркаюцца —

Зеўс, Іуда, Цар-гарох, Эзоп.

 

Існуюць яны не за бяседаю,

А ў непрымірэнчай барацьбе.

Часта чалавек і сам не ведае —

Хто ў ім натуральныя, хто «псеўдыя»,

І каго ж ён носіць у сабе.


2000-2007

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.