epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Мядовае знаёмства

Антось служыў у войску апошні год. Нават не служыў - даслужваў, бо заставаліся лічаныя дні. Што і казаць: дэмбель - на носе, салдат - на чамадане. Той, хто служыў, - ведае, што гэта за апошнія дні і ночы. Здаецца, што час спыніўся і стаіць як укопаны. Душа - ужо дома, і толькі цела працягвае насіць салдацкую форму - даслужвае.

Калі сказаць, што Антося чакала дома штосьці незвычайнае, - дык не! Бацькі, канешне, справа святая, але да бацькоў паспеецца - не маленькі, дзякуй Богу. Дзяўчыны, якая б сохла па ім, - да войска не займеў. Але сядзела ў салдацкай душы стрэмка, якая парола і калола і не давала яму спакою. Гэта стрэмка - незнаёмая дзяўчына, сястра яго аднапалчаніна Міхася, які і звёў праз пошту Антося з Алесяй. Антось паслаў ёй сваю фотакартку, яна яму - сваю, вось і ўся немудрагелістая камбінацыя. Але з такой немудрагелістасці часцяком вырастае такая закавыка, што і не прысніш часам.

Мястэчка, дзе жыла тая знаёмая-незнаёмая Алеся, знаходзілася ад Антосевай вёскі не дужа далёка - вёрстаў з дзесяць, таму Антось, нарэшце вярнуўшыся дамоў, прагнуў хутчэй дапяць туды і асабіста пазнаёміцца. Адна справа - фотакартка, на якой толькі галава відаць, другая - жывы чалавек. Можа, у яе, не дай Бог, ногі крывыя або зусім толькі адна нага. Не-е! Трэба праверыць! Твар-то ў яе вельмі прыгожы, прыемны, а вось што там ніжэй?..

Антось не вытрымаў і расказаў маці, што заўтра хоча махнуць на аўтобусе да той загадкавай Алесі. Маці захвалявалася, замітусілася і «прышпіліла» да гэтай хвалюючай весткі бацьку.

Бацька па-мужчынску ўзважыў сітуацыю і кажа:

- Нягодна, сынок, першы раз ехаць да чужых людзей з пустымі рукамі. Вазьмі хоць нашага мёду, няхай ведаюць, што мы не гультаі - пчол маем!

Антось пачаў аднеквацца:

- Я ж не ў сваты еду! Толькі гляну на яе, пагутару крыху і - дамоў... Падумаюць яшчэ, што падкупляю...

Маці заступілася за бацьку:

- Вазьмі, сынок, мёд! Добрая гэта прыкмета - знаёмства пры мёдзе! Дасць Бог - жыццё будзе салодкім!..

Антось не ўстаяў перад націскам бацькоў і згадзіўся:

- Добра! Рыхтуйце на раніцу мёд!

Ноч прайшла марудна - не спалася хлопцу. Стрэмка ў душы напамінала пра сябе.

«Няўжо я завочна закахаўся?!» - думаў Антось.

Пад раніцу ўдалося прыдрамнуць, але з першымі сонечнымі промнямі Антось быў на нагах, як штык. Бацькі ўжо не спалі.

Хуценька паснедаўшы, Антось падняўся з-за стала:

- Давайце ваш мёд - пакачу да сваіх прыгод!

- Каці! Каці! - у адзін голас сказалі бацькі.

- А вось і мядок! - і бацька паказаў на лаву, дзе стаяла эмаліраванае вядро, акуратна абвязанае прыгожым ручніком.

- Вядро-о? - не ўтрымаўся Антось. - Цэлае вядро?.. Вы што?!.

- Нічога! Нічога! - спакойна сказала маці. - Няхай не думаюць, што мы скнары!

Бацька дадаў:

- Не везці ж табе паўлітровы слоік...

Антось падняў вядро:

- Ого! Яно ж мне рукі адарве!..

- Нічога! Нічога! - у той жа танальнасці працягвала маці. - Малады! Дужы! Аўтобус давязе да мястэчка, а там - з рукі ў руку - і данясеш.

Антось уздыхнуў, узяў вядро і пакрочыў да аўтобуса...

Быў цудоўны восеньскі дзень. Сонца прыгравала па-летняму. Настрой у Антося быў вясновы.

Аўтобус прабег дзесяць кіламетраў хутка, і Антось апынуўся на аўтавакзале, дзе сэрца яго затахкала мацней і часцей.

Спытаўшыся ў нейкага мужчыны, дзе патрэбная яму вуліца, Антось паджгаў у той бок, перакідваючы з рукі ў руку цяжкое вядро.

Раптам праз вуліцу нехта крыкнуў:

- Антось? Ты?!

Антось зірнуў у той бок. Да яго радасна бег Толік, з якім разам служылі ў адной роце.

- Толік! Вось дык радасць! - усклікнуў Антось.

Салдацкае сяброўства і братэрства яшчэ моцна жыло ў душы нядаўніх аднапалчан.

- Ты адкуль?!.

- А ты як?!.

- А я тут жыву! - адказаў Толік. - Пакуль нідзе не працую, балдзею пасля дэмбелю!

- І я балдзею! - выпаліў Антось.

- А што ты з вядром? - запытаўся ў Антося сябар.

Антось збянтэжыўся, шукаў, што адказаць...

- Ды што мы пра пустое?! Гэта ж трэба адзначыць! Дэмбель! Свабода! - не ўнімаўся Толік.

Антось яшчэ больш збянтэжыўся: як бы адкруціцца? Ён жа едзе да дзяўчыны... А з другога боку - такая сустрэча! Дэмбель! Свабода!

Антось адкінуў сумненні, запаліўся ўвесь:

- Давай! Грэх не адзначыць! Толькі дзе возьмем «паліва»?

- Ты што! - усклікнуў Толік. - Сёння гэта прадаецца на кожным вуглу! Вунь і крама!

Сябры зайшлі ў краму. Там, акрамя спіртнога, нічога не было. Узяўшы кожны па бутэльцы гарэлкі, хлопцы выйшлі на вуліцу.

- А чым загрызём? - спытаўся Антось.

Толік падумаў і кажа:

- За тым паваротам - хлебная крама... Да гастранома - далекавата...

Антось схамянуўся:

- Дык вось жа мёд! Цэлае вядро! Хлеб і мёд - закусь, трымайся за неба!

Купіўшы бохан хлеба і батон, сябры накіраваліся на зялёны, парослы кустамі выган.

- Вось тут, на зялёным дыване, - ні табе камандзіраў, ні табе начальнікаў! Свабода! - радаваліся сябры.

Уладкаваўшыся, усеўшыся, пачалі пакрысе адпіваць з рыльца гарэлку, мачаць хлеб і батон у мёд.

- Вось гэта жыццё!..

- Гэта табе не казарма!..

- Вольныя, як тыя птушкі!..

- Яшчэ вальней!..

- Глынём?

- А як жа!..

«Банкет» працягваўся, але аднекуль пачалі злятацца пчолы. Восенню, перад зімоўкай, яны асабліва ласыя да мёду, здольны нават на крадзеж... А тут гатовенькі! Цэлае вядро!

Спачатку сябры не звярталі на іх увагі, але пчолы ўсё прыбывалі і прыбывалі. Яны ліплі да вядра, садзіліся на рукі, лезлі ў вочы - ім не падабаўся смурод гарэлкі. Тады хлопцы пачалі іх адганяць, нават біць і душыць. То на шчацэ прыдушаць, то на лбе прыціснуць. А прыціснутая пчала, перад тым як загінуць, паспявае ткнуць джала.

Вось п'яныя хлопцы і не заўважылі, як нахапаліся пчаліных укусаў. Адна пчала ўскочыла нават у рот Антосю, калі ён нешта гаварыў, і паспела куснуць яго за язык. Гэта перапоўніла чашу сябравага цярпення, і яны пачалі збірацца.

- Добра, што мы паспелі апусташыць тару! - сказаў, махаючы рукамі, Антось.

- Хутчэй завяжы вядро! Можа, адчэпяцца! - амаль закрычаў Толік.

Сябры сабраліся, выцерлі травой ліпкія ад мёду рукі і пакрочылі прэч ад гэтага месца. Але пчолы ад іх не адставалі - гулі над галовамі цэлым роем.

На развітанне Толік чыркнуў на паперы свой адрас сябру, і Антось, хістаючыся, пакрочыў да Алесі - бліжэй знаёміцца. Пчолы, чуючы ў вядры мёд, спраўна гулі над галавой, поўзалі па ліпкай пасудзіне.

Антосю падалося, што сонечны дзень паступова пачаў цямнець. Усё навакольнае бачылася як праз туман, нібы праз шчылінку. Твар гарэў, язык пякло, ён патаўсцеў.

Ён падумаў: «Свежае паветра і гарэлка - вось твар і гарыць! Пройдзе!»

А вось і патрэбны нумар дома. Антось, хоць і праз туман, заўважыў - дом добры! Пастукаўся ў дзверы. Чуе: «Заходзьце!»

Хлопец пераступіў цераз парог і апынуўся ў хаце. Зноў жа праз туман убачыў сярэдніх год жанчыну.

«Здравія жадаю!» - хацеў па-вайсковаму адрапартаваць Антось, але языку было цесна ў роце, і атрымалася:

- Зд-друя жад-дую!..

- Што? - запыталася жанчына. - Што вам трэба?

Антось напружыўся з апошніх сіл і выціснуў:

- Аль... Ал-л-лесю!..

- Якую яшчэ Алесю? Навошта вам Алеся? Ідзіце адсюль!

Адчыніліся дзверы, і з другой паловы хаты выйшла прыгожая дзяўчына.

Антось пахіснуўся ад нечаканасці. Якая прыгожая! Гэта ж Алеся! І ногі не крывыя. І абедзве на месцы! Антось праз расчыненыя дзверы ўбачыў на стале ў другім пакоі сваю фотакартку. Ён ад радасці паспрабаваў кінуцца да дзяўчыны:

- Аль... Ал... Але...

- Што вам трэба? - жахнулася дзяўчына. - Я вас не ведаю і ведаць не жадаю.

Антось разгубіўся, але раптоўна ўзрадаваўся, бо за дзяўчынай выйшаў яе брат Міхась - Антосеў аднапалчанін, які і пазнаёміў праз пошту сваю сястру з Антосем.

Антось кінуўся да сябра і распухлым языком, з цяжкасцю прагаварыў:

- Мы разам служылі ў войску! Я ж твой сябар!

Міхась адпіхнуў незнаёмца:

- Якое нахабства! Знайшоўся мне сябар! Я цябе першы раз бачу! Прыцягнуўся нейкі валацуга, поўную хату пчол навёў...

Тут Антось выпадкова зірнуў у люстэрка, якое вісела на сцяне. Зірнуў і выпусціў з рукі вядро з астаткамі мёду. З люстэрка на яго глядзеў... Не! Не глядзеў, а глядзела нейкае страшыдла з чырвоным апухлым тварам, з лапушынымі вушамі, з тонкімі шчылінкамі замест вачэй. Разлахмачаныя валасы зліпліся ад мёду і тырчэлі ва ўсе бакі. Па іх поўзалі пчолы...

- Ма-ма-а-а! - зароў ад жаху Антось і кінуўся ў дзверы. Ап'яненне яго імгненна прайшло. Ён ляцеў па вуліцы, пужаючы людзей.

«Што я нарабіў? Дурань! Такую дзяўчыну страціў!» - хлясталі, як бізуном, думкі.

Антось падслепаватымі вачыма прачытаў на паперцы Толікаў адрас і з цяжкасцю знайшоў яго дом.

Пастукаў і пахаладзеў: «Толькі б не спужаліся! Толькі б не прагналі! Куды ж я дзенуся?..»

Адчыніліся дзверы, і Антось праз той жа туман убачыў жанчыну.

- А-а! - прапела яна. - Яшчэ адзін круглы, як гарбуз! Заходзь! Заходзь! Буду двух адразу лячыць - мой ляжыць!

Антось з палёгкай пераступіў парог і ўбачыў Толіка... Не! Не Толіка, а гэткае ж апухлае страшыдла, як і сам. Ён ляжаў на ложку, мачаў ручнік у халодную ваду і прыкладваў да твару.

- О-ё-маё! - стагнаў ён.

Толькі цяпер Антось адчуў, як пячэ і баліць твар.

- На, папі кіслага малака і кладзіся. Зараз паднясу і табе ваду з ручніком, - сказала Толікава маці.

Антось паслухмяна выпіў малако і лёг. Ён адчуў на твары халодны ручнік і пачуў пяшчотны голас сябравай маці:

- Эх вы, мядовыя-бядовыя хлопцы! Блазнюкі яшчэ, хоць і адслужылі ў войску...

Пухліна праходзіла аж два дні. За гэты час Толікава маці вымыла і адгладзіла Антосеву кашулю, пачысціла пінжак.

Антось цёпла развітваўся і дзячыў Толікавай маці, потым абняўся з сябрам і падаўся на аўтастанцыю, каб ехаць дамоў. На душы было мутарна. Што сказаць дома?

«А дзяўчына якая прыгожая!» - пякла, як агнём, думка.

Не дайшоўшы да станцыі, Антось рашуча крутнуў у другі бок: «Зайду, папрашу хоць прабачэння!»

Раптоўна прыпыніўся: «Пачакай! Дык яны ж мяне не пазналі! Нават Міхась, з якім два гады адслужыў, не пазнаў не толькі мяне, а й майго голасу! Дзякуй табе, распухлы язык!» - і Антось з надзеяй пакрочыў да Алесевага дома. Зноў пастукаў у дзверы. Сэрца вырывалася з грудзей.

Адчыніў дзверы Міхась.

- Антось! Дарагі! - усклікнуў ён і абняў сябра. - Ды што ты аслупянеў? Заходзь!

Антось зайшоў. Адчыніліся дзверы, і з другой паловы хаты выглянула тая ж прыгажуня. Зачырванелася і закрыла дзверы.

Міхась засмяяўся:

- Нічога! Зараз выйдзе! Бачыў, як зачырванелася? Рабі вывады, Антось!..

Шчаслівы Антось не ведаў, што рабіць, што казаць.

- Я... я... разумееш...

- Ды разумею я ўсё! Зараз падыдуць мама, тата, сядзем за стол і пагутарым...

Антось на ўсякі выпадак з апаскай зірнуў у тое ж люстэрка. Страшыдлы там ужо не было, на Антося глядзеў прыгожы малады хлопец з акуратна зачасанымі валасамі.

- Прыгажун! Прыгажун! - засмяяўся Міхась. - Дарэмна хвалюешся - тваю фотакартку з рук не выпускае...

Раптоўна Антось убачыў сваё вядро, якое стаяла ў кутку пад лаўкай.

- Я... я... вядро...

- А-а! Вядро! - зразумеў Антосева пытанне Міхась. - Гэта ж два дні назад да нас у хату заскочыў нейкі п'яны дурань. Увесь апухлы, з галавы да ног у мёдзе, прыпёр за сабой цэлы рой пчол - ледзь павыганялі іх з хаты...

Антось зачырванеўся, зірнуў долу.

Міхась працягваў:

- Ты разумееш? Нечага да Алесі кідаўся, мяне сябрам называў... Во валацуга!.. Потым кінуў гэта вядро і з крыкам падаўся з хаты... Такое ў нашым мястэчку - упершыню!

Антось уціснуў галаву ў плечы і гатоў быў зноў кінуцца ў дзверы, але Міхась схамянуўся:

- Ды чорт з ім, з тым дурнем! Не варты ён таго, каб пра яго ўспамінаць! Сядай, расказвай, будзь як дома!..

А неўзабаве Антось і Алеся справілі вяселле.

Няхай ім шчасціць у жыцці! Ды так яно і будзе, бо знаёмства пры мёдзе - добрая прыкмета!


1990-2001?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая
Падрыхтавана: Алесь Хмара