epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Мядовае знаёмства

Антось служыў у арміі апошні год. Нават не служыў — даслужваў, бо засталіся лічаныя дні. Што і казаць: дэмбель на носе, салдат — на чамадане. Той, хто служыў, ведае, што гэта за апошнія дні і ночы. Здаецца, час спыніўся і стаіць як укапаны. Душа ўжо дома, і толькі цела працягвае насіць салдацкую форму — даслужвае.

Каб сказаць, што Антося чакала дома штосьці незвычайнае, дык не! Бацькі, вядома, справа святая, але да бацькоў паспеецца — не маленькі, дзякуй Богу. Дзяўчыны, якая б сохла па ім, да арміі не займеў. Але сядзела ў салдацкай душы стрэмка, якая парола і калола, не давала спакою. Гэтая стрэмка — незнаёмая дзяўчына, сястра яго аднапалчаніна Міхася, які і звёў праз пошту Антося з Алесяй. Антось паслаў ёй сваю фотакартку, яна яму — сваю, вось і ўся немудрагелістая камбінацыя. Але з такой немудрагелістасці часцяком вырастае гэткая закавыка, што і не прысніш.

Мястэчка, дзе жыла тая знаёмая-незнаёмая Алеся, знаходзілася ад Алесевай вёскі недалёка — вёрст дзесяць, таму Антось, нарэшце вярнуўшыся дамоў, прагнуў хутчэй дапяць туды і асабіста пазнаёміцца. Адна справа — фотакартка, на якой толькі галава відаць, другая — жывы чалавек. Можа, у яе, не дай Бог, ногі крывыя або зусім толькі адна нага. Не-е! Трэба праверыць! Твар-то ў яе вельмі прыгожы, прыемны, а вось як там далей?..

Антось не вытрымаў і расказаў маці, што заўтра хоча з’ездзіць на аўтобусе да той загадкавай Алесі. Маці захвалявалася, замітусілася і кінулася раіцца з бацькам.

Бацька па-мужчынску ўзважыў сітуацыю і кажа:

— Нягодна, сынок, першы раз ехаць да чужых людзей з пустымі рукамі! Вазьмі хоць нашага мёду, няхай ведаюць, што мы не гультаі — пчол маем!

Антось пачаў аднеквацца:

— Я ж не ў сваты еду! Толькі гляну на яе, пагавару — і дамоў. Падумаюць яшчэ, што падкупляю мёдам...

Маці заступілася за бацьку:

— Вазьмі, сынок, мёду! Добрая гэта прыкмета — знаёмства пры мёдзе! Дасць Бог — жыццё будзе салодкім!

Антось не ўстаяў перад націскам бацькоў і згадзіўся:

— Добра! Рыхтуйце на раніцу мёд!

Ноч праходзіла марудна — не спалася хлапцу. «Няўжо я завочна закахаўся?!» — думаў Антось.

Пад раніцу ўдалося прыдрамнуць, але з першымі сонечнымі промнямі Антось быў на нагах як штык. Бацькі ўжо не спалі.

Хуценька паснедаўшы, Антось падняўся з-за стала:

— Давайце ваш мёд — пакачу да сваіх прыгод!

— Каці! Каці! — у адзін голас сказалі бацькі.

— А вось і мядок! — Бацька паказаў на лаву, дзе стаяла эмаліраванае вядро, акуратна абвязанае прыгожым ручніком.

— Вядро-о? — не ўтрымаўся Антось.— Цэлае вядро? Вы што?!.

— Нічога! Нічога! — супакоіла маці.— Няхай не думаюць, што мы скнары!

Бацька дадаў:

— Не везці ж табе паўлітровы слоік...

Антось падняў вядро:

— Ого! Яно ж мне рукі адарве!

— Нічога! Нічога! — у той жа танальнасці працягвала маці.— Малады! Дужы! Аўтобус давязе да мястэчка, а там з рукі ў руку — і данясеш.

Антось уздыхнуў, узяў вядро і пакрочыў да аўтобуса...

Пачаўся цудоўны восеньскі дзень. Сонца прыгравала па-летняму. Настрой у Антося быў вясновы.

Аўтобус прабег дзесяць кіламетраў хутка, і Антось апынуўся на аўтавакзале. Сэрца яго затахкала мацней і часцей.

Спытаўшыся ў нейкага мужчыны, дзе патрэбная вуліца, Антось паджгаў у той бок, перакідаючы з рукі ў руку цяжкае вядро.

Раптам праз вуліцу нехта крыкнуў:

— Антось? Ты?!

Антось зірнуў у той бок. Да яго радасна бег Толік, з якім разам служылі ў адной роце.

— Толік! Вось дык радасць! — усклікнуў Антось.

Салдацкае сяброўства і братэрства яшчэ моцна жылі ў душы нядаўніх аднапалчан.

— Ты адкуль?!

— А ты як?!

— А я тут жыву! — адказаў Толік.— Пакуль нідзе не працую, балдзею пасля дэмбелю!

— І я балдзею! — выпаліў Антось.

— А чаму з вядром? — запытаўся сябар.

Антось збянтэжыўся, шукаў, што адказаць.

— Ды што мы пра пустое?! Гэта ж трэба адзначыць! Дэмбель! Свабода! — не сунімаўся Толік.

Антось яшчэ больш збянтэжыўся: як тут адкруціцца? Ён жа едзе да дзяўчыны... Не скажаш жа сябру, што кіруешся ледзь не ў сваты. А з іншага боку — такая сустрэча! Дэмбель! Свабода!

Антось адкінуў сумненні, запаліўся ўвесь:

— Давай! Грэх не адзначыць! Толькі дзе возьмем «гаручага»?

— Ты што! — усклікнуў Толік.— Сёння гэта прадаецда на кожным рагу! Вунь і крама!

Сябры зайшлі ў краму. Там, акрамя спіртнога, нічога не было. Узяўшы кожны па бутэльцы гарэлкі, хлопцы выйшлі на вуліцу.

— А чым загрызём? — спытаўся Антось.

Толік падумаў і кажа:

— За тым паваротам — хлебная крама. Да гастранома — далекавата.

Антось схамянуўся:

— Дык вось жа мёд! Цэлае вядро! Хлеб і мёд — закусь, трымайся за неба!

Купіўшы бохан хлеба і батон, сябры падаліся на зялёны, парослы кустамі выган.

— Вось тут, на зялёным дыване, ні табе камандзіраў, ні табе начальнікаў! Свабода! — радаваліся сябры.

Уладкаваўшыся, усеўшыся, пачалі пакрысе адпіваць з рыльца гарэлку, мачаць хлеб і батон у мёд.

— Вось гэта жыццё!

— Гэта табе не казарма!

— Вольныя, як птушкі!

— Яшчэ вальнейшыя!

— Глынём?

— А як жа!..

«Банкет» працягваўся, але аднекуль пачалі злятацца пчолы. Восенню, перад зімоўкай, калі медазбор амаль зусім адыходзіць, яны асабліва ласыя да мёду, здольныя нават на крадзеж з чужога вулля. А тут — гатовенькі мёд! Цэлае вядро!

Спачатку сябры не звярталі на іх увагі, але пчолы ўсё прыбывалі і прыбывалі. Яны ліплі да вядра, садзіліся на рукі, лезлі ў вочы — ім не падабаўся смурод гарэлкі. Тады хлопцы пачалі іх адганяць, нават біць і душыць. То на шчацэ прыдушаць, то на лбе прыціснуць. А прыціснутая пчала, перад тым як загінуць, паспявае ткнуць джала.

П’яныя хлопцы і не заўважылі, як нахапаліся пчаліных укусаў. Адна пчала ўскочыла нават у рот Антосю, калі ён нешта гаварыў, і паспела ўджаліць язык. Цярпенне лопнула, і сябры пачалі збірацца.

— Добра, што паспелі апрастаць тару! — сказаў, махаючы рукамі, Антось.

— Хутчэй завяжы вядро! Можа, адчэпяцца! — амаль закрычаў Толік.

Сябры сабраліся, выцерлі травой ліпкія ад мёду рукі і рушылі прэч ад гэтага месца, але пчолы і не думалі адставаць — гулі над галовамі цэлым роем.

На развітанне Толік чыркнуў на паперы свой адрас, і Антось, хістаючыся, пайшоў да Алесі — бліжэй знаёміцца. Пчолы, чуючы ў вядры мёд, спраўна гулі над галавой, поўзалі па ліпкай пасудзіне.

Антосю здалося, што сонечны дзень паступова пачаў цямнець. Усё наваколле бачылася як праз туман, нібы праз шчылінку. Твар гарэў, язык пякло, яму зрабілася цесна ў роце.

Антось падумаў: «Свежае паветра і гарэлка, таму твар і гарыць. Пройдзе!»

А вось і патрэбны нумар дома. Антось, хоць і праз туман, заўважыў — дом добры! Пастукаўся ў дзверы. Чуе: «Заходзьце!»

Хлопец пераступіў цераз парог і апынуўся ў хаце. Зноў жа праз туман убачыў сярэдніх гадоў жанчыну.

«Здравія жадаю!» — хацеў па-вайсковаму адрапартаваць Антось, але распухлы язык чапляўся за зубы, і атрымалася:

— Зд-друя жад-дую!..

— Што? — запыталася жанчына.— Што вам трэба?

— Аль... Ал... Ал-л-лесю!..

— Якую яшчэ Алесю? Навошта вам Алеся? Ідзіце адсюль!

Адчыніліся дзверы, і з другой паловы хаты выйшла дзяўчына. Антось пахіснуўся ад нечаканасці мацней, чым ад гарэлкі. Якая прыгажуня! Гэта ж Алеся! І ногі не крывыя і абедзве на месцы! Антось праз адчыненыя дзверы ўбачыў на стале ў другім пакоі сваю фотакартку. З радасці паспрабаваў кінуцца да дзяўчыны:

— Аль... Ал... Але...

— Што вам трэба? — жахнулася дзяўчына.— Я вас не ведаю і ведаць не жадаю!

Антось разгубіўся, але раптоўна ўзрадаваўся, бо за дзяўчынай выйшаў яе брат Міхась.

Антось кінуўся да сябра і распухлым языком з цяжкасцю прагаварыў:

— Мы ж разам служылі ў арміі! Я ж твой таварыш!

Міхась адпіхнуў незнаёмца:

— Якое нахабства! Знайшоўся мне таварыш! Я цябе першы раз бачу! Прыцягнуўся нейкі валацуга, поўную хату пчол навёў...

Тут Антось выпадкова зірнуў у люстэрка, якое вісела на сцяне. Зірнуў і выпусціў з рукі вядро. З люстэрка на яго глядзеў... Не! Не глядзеў, а глядзела нейкае страшыдла з чырвоным апухлым тварам, з лапушыстымі вушамі, з тонкімі шчылінкамі замест вачэй. Валасы зліпліся ад мёду і тырчалі ва ўсе бакі. Па іх поўзалі пчолы...

— Ма-ма-а-а! — зароў ад жаху Антось і кінуўся ў дзверы. Ап’яненне яго імгненна прайшло. Ён ляцеў па вуліцы, палохаючы людзей.

«Што я нарабіў, дурань? Такую дзяўчыну страціў!» — сцёбалі, як бізуном, думкі.

Антось падслепаватымі вачыма прачытаў на паперцы Толікаў адрас і з цяжкасцю знайшоў яго дом.

Пастукаў і пахаладзеў: «Толькі б не спужаліся! Толькі б не прагналі! Дзе ж я дзенуся?..»

Адчыніліся дзверы, і Антось праз той жа туман убачыў жанчыну.

— А-а! — праспявала яна.— Яшчэ адзін круглы, як гарбуз! Заходзь! Заходзь! Буду двух адразу лячыць — мой ляжыць!

Антось з палёгкай пераступіў парог і ўбачыў Толіка... Не, не Толіка, а гэткае ж апухлае страшыдла, як і сам. Ён ляжаў на ложку, мачаў ручнік у халодную ваду і прыкладваў да твару.

— О, ё-маё! — стагнаў ён.

Толькі цяпер Антось адчуў, як пячэ і баліць твар.

— На, выпі кіслага малака і кладзіся. Зараз паднясу і табе ваду з ручніком,— сказала Толікава маці.

Антось паслухмяна выпіў малако, распрануўся і лёг. Ён адчуў на твары халодны ручнік і пачуў пяшчотны голас сябравай маці:

— Эх вы, мядовыя-бядовыя хлопцы! Блазнюкі яшчэ, хоць і адслужылі ў арміі...

Пухліна трымалася два дні. За гэты час Толікава маці вымыла і выгладзіла Антосеву кашулю, пачысціла пінжак.

Антось цёпла развітаўся з Толікавай маці, абняўся з сябрам і падаўся да аўтастанцыі, каб ехаць дамоў. На душы было моташна. Што сказаць дома?

«А дзяўчына якая прыгожая!» — пякла, як агнём, думка.

Не дайшоўшы да станцыі, Антось рашуча крутнуў у другі бок: «Зайду папрашу хоць прабачэння!»

Раптоўна прыпыніўся: «Пачакай! Дык яны ж мяне не пазналі! Нават Міхась, з якім два гады праслужыў, не пазнаў не толькі мяне, а й майго голасу! Дзякуй табе, распухлы язык!» І Антось з надзеяй пакрочыў да Алесінага дома. Зноў пастукаў у дзверы — сэрца вырывалася з грудзей. Адчыніў дзверы Міхась.

— Антось! Дарагі! — усклікнуў ён і абняў сябра.— Ды што ты аслупянеў? Заходзь!

Антось зайшоў. Адчыніліся дзверы, і з другой паловы хаты выглянула тая самая прыгажуня. Зачырванелася і зачыніла дзверы.

Міхась засмяяўся:

— Нічога! Зараз выйдзе! Бачыў, як пачырванела? Рабі вывады, Антось!..

Шчаслівы Антось не ведаў, што казаць.

— Я... я, разумееш...

— Ды ўсё я разумею! Зараз падыдуць мама, тата, сядзем за стол і пагутарым.

Антось на ўсякі выпадак з апаскай зірнуў у люстэрка. Страшыдлы там ужо не было, на Антося глядзеў прыгожы малады хлопец з акуратна зачасанымі валасамі.

— Прыгажун! Прыгажун! — засмяяўся Міхась.— Дарэмна хвалюешся — тваю фотакартку з рук не выпускае.

Раптам Антось убачыў сваё вядро, якое стаяла ў кутку пад лавай.

— Я... я... вядро...

— А-а, вядро! — зразумеў Антосева пытанне Міхась.— Гэта ж два дні назад да нас у хату заскочыў нейкі п’яны дурань. Увесь апухлы, з галавы да ног у мёдзе, прыпёр за сабой цэлы рой пчол — ледзь павыганялі іх з хаты...

Антось зачырванеўся, апусціў вочы долу.

Міхась працягваў:

— Ты разумееш? Нечага да Алесі кідаўся, мяне сябрам называў... Во валацуга! Потым кінуў вядро і з крыкам даўся ў дзверы. Такое ў нашым мястэчку ўпершыню!

Антось уціснуў галаву ў плечы і гатоў быў зноў кінуцца ў дзверы, але Міхась схамянуўся:

— Ды чорт з ім, з тым дурнем! Не варты ён таго, каб пра яго сёння ўспамінаць! Сядай, расказвай, будзь як дома!..

А неўзабаве Антось і Алеся справілі вяселле.

Няхай ім шчасціць у жыцці! Ды так яно і будзе, бо знаёмства пры мёдзе — добрая прыкмета.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 3. Апавяданні. Аповесці / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 551 с.