epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Мяне мама не разбудзіць

Мяне мама не разбудзіць болей,

Як будзіла: — уставай, сынок...

Сніцца мне той час нялёгкай долі,

Час маленства — чысціні выток.

 

Да ружовых дзён вяртаюць ночы

У калейдаскопе дзіўных сноў.

Як бы я хацеў расплюшчыць вочы

Ад далоняў маміных і слоў.

 

— Уставай, сынок, збірайся ў школку...

Цягне з печы бульбу — «разнасол».

І здаецца прыцемкам, на золку,

Што не мама гэта, а анёл.

 

Што няма на ўсёй зямлі багацця

Большага, чым бульба ў сагане,

Што ўвесь свет змясціўся ў нашай хаце,

Просіцца за стол, зайздросціць мне.

 

Свеціць у душу святло газоўкі,

Грэе сэрца: «уставай, сынок...»

Мамы слоўкі, нібы спеў салоўкі

Далятаюць да мяне здалёк.

 

Я застаўся, як былінка ў полі,

Лёс не аднавіць, ні адрадзіць...

Мяне мама не разбудзіць болей,

Бо даўно ўжо непрабудна спіць.


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.