epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Мясціны родныя

Гады і спрэчныя, і годныя

Заперавяслілі мой лёс.

Прабачце мне, мясціны родныя,

Я — парастак, хоць доўга рос.

 

Мяне вы да самаадданасці

Паілі водарам часоў.

Я рос між вашай беззаганнасці,

Сярод лясоў і каласоў.

 

Не кожны крок мой быў узважаным,

Не ўсе пасевы зацвілі.

Я не імкнуўся быць заўважаным,

Не адрываўся ад зямлі.

 

І вашай шчырасцю чароўнаю

Я упрыгожваў смутку дні.

І адчуваюць повязь кроўную

З зямлёю сэрца карані.


2007-2016

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.