epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Меншае зло

Безабаронная казуля,

Што тоіцца ў яе вачах?

Ёй вораг — іклы,

Вораг — куля,

Ёй вораг — неадступны страх.

 

Ёй дзень пражыць —

лічы удача,

Ёй выжыць ноч —

яшчэ адна.

Яна — то крадзецца, то скача,

То пільна слухае яна.

 

І раптам — воўк непадалёку,

Яна — ў лазняк,

спыніла бег.

А паўз яе, з другога боку,

Ідзе павольна чалавек.

 

Было паколькі часу мала,

І вельмі жудасна было,

Яна адчайна выбірала,

Якое меншае, з дзвюх, зло?

 

Маланкай, па гаротным лёсе,

Яна імчала з лазняка

Туды, дзе меншым зло здалося —

Ад чалавека да ваўка.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 6. Вершы. Гумарэскі. Паэмы. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 463 с.