epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Мерыдыяны, паралелі

Па ўсёй планеце крутабокай

Мерыдыян свой пракладу.

На самай станцыі далёкай

Засведчыць гэты факт сыйду.

 

Праеду вёсны,

Леты,

Зімы,

Мацерыкі і акіян.

Імя маёй малой радзімы

Будзе насіць мерыдыян.

 

На карце правяду пункцірам

Свой шлях,

Няблізкі свой маршрут.

Я шар зямны аб’еду з мірам,

Каб расказаць пра родны кут.

 

Пра светлы сум бацькоўскай хаты,

Як цёпла і утульна ў ёй.

Пра тое, чым мой край багаты —

Людзьмі й гісторыяй сваёй.

 

Я спадзяюся сэрцам шчырым,

Што мой пачын не прападзе.

Магчыма, хтось насустрач з мірам

Мерыдыян свой пракладзе.

 

А там, глядзіш, і паралелі

Ляглі бы мірна на зямлю.

І людзі будучыню б мелі,

І людзі б мірна спаць маглі.

 

О, як нашу я мару гэту

У сэрцы, у душы, ў крыві,

Каб людзі абнялі планету

Як маці: — Родная, жыві!

 

Мерыдыяны, паралелі —

Мы, часу дочкі і сыны.

Каб людзі будучыню мелі,

Павінен быць і шар зямны.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 12. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 416 с.