epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Міколка і сапраўдны Дзед Мароз

Свята Новы год — для дарослых толькі свята. Мы падводзім вынікі мінулага году і спадзяёмся на здзяйсненне новых мар і дасягненне новых мэт у годзе надыходзячым. Гэта — для дарослых.

А для дзяцей?

Для тых дзяцей, што яшчэ вераць у добрага Дзеда Мароза — гэта казка. Казка, у якой чараўнік Дзед Мароз з белай барадой і вусамі, апрануты ў чырвонае альбо блакітнае адзенне, з мяшком падарункаў за плячыма, пакладзе пад Навагоднюю Ёлачку штосьці смачнае і цікавае.

І кладзе гэтыя дарункі чараўнік абавязкова ноччу перад самым святам-казкай, калі хлопчыкі і дзяўчынкі спяць. Як жа ім хочацца хоць разочак пабачыць таемства, але Дзед Мароз — няўлоўны і загадкава-нябачны.

Бачыць-то яго дзеці бачаць штогод: і ў мульціках, і кожнае Навагодняе свята ў садку, у школе ці нейкім палацы ля святочнай Ёлачкі.

А вось адкуль ён ведае, хто дзе жыве, і хто чаго хоча ў падарунак, для дзяцей — таямніца.

Шчаслівыя дзеткі, хто верыць у казку, у добрага Дзеда Мароза і Снягурку.

Але надыходзіць час, калі з узростам, дзіця выходзіць за межы казкі і пачынае разумець: гэта ж бацькі, а не Дзед Мароз, кладуць ноччу пад Ёлачку падарункі, выведаўшы ў дзіцяці, што б ён хацеў атрымаць на новы год.

Гэта — самае першае і, бадай, самае горкае расчараванне маленькага чалавека. Ён, гэты маленькі чалавечак, адчувае сябе так, быццам у яго забралі самую любімую і дарагую цацку і ніколі ўжо яе не аддадуць.

Штосьці падобнае здарылася і з Міколкам. Ён выпадкова прачнуўся ў навагоднюю ноч і ўбачыў, як яго бацькі кладуць пад Ёлачку падарунак і ціхенька перагаворваюцца:

— Прачнецца Міколка раніцай, а падарунак яго ўжо чакае!

— Цішэй, а то разбудзіш.

— Дык гэта вы, а не Дзед Мароз, кожны год кладзеце падарункі! — уголас заплакаў хлопчык.— Вы... Вы!

Міколка і раней чуў ад сяброў, што ёсць такія фірмы, з якіх за грошы выклікаюць дадому несапраўдных Дзедаў марозаў. Але Міколка не верыў сябрам. Цяпер жа ён скрозь слёзы крычаў:

— Гэта вы! І да нас прыходзіў несапраўдны Дзед Мароз. Вы яго выклікалі за грошы!

Бацькі разгубіліся. Першай апрытоміла маці:

— Міколка, супакойся, сынок! Гэта ж сапраўдны Дзед Мароз папрасіў нас пакласці пад ёлачку для цябе падарунак.

— Так! Так! — падхапіў і бацька ману.— Ён, Дзед Мароз, адзін, а вас, дзетак, вельмі шмат, таму ён папрасіў нас дапамагчы яму.

— Не веру! — працягваў плакаць расчараваны Міколка.

Мала хто ведае, а, магчыма, і ніхто, што ўсё ж існуе сапраўдны Дзед Мароз. Не, ён не ходзіць з мяшком за плячыма навідавоку, не водзіць з дзецьмі вакол Навагодняй Елкі карагоды. Ён — нябачны. Вопратка на ім снежнага колеру, рукавіцы ж такія, таму ўбачыць яго на зімовым фоне немагчыма. Вось толькі твар у яго, асабліва шчокі, маюць, як і ў людзей, ружовы колер. А каб заставацца нябачным, сапраўдны Дзед Мароз закрывае частку твару і шчокі сваім шалікам, таксама снежнага колеру. Бывае, шалік спаўзае ўніз, тады яго ружовыя шчокі адлюстроўваюцца на краі неба, ствараючы ружовую зару. Убачыўшы гэта, сапраўдны Дзед Мароз хуценька папраўляе шалік і зара паступова згасае...

Дык вось, гэты сапраўдны Дзед Мароз, калісьці, даўным-даўно, спрабаваў адзін ахапіць сваёй увагай усе гарады і вёскі, не абмінаючы ніводнага дзіцяці.

Уяўляеце? Аднаму за адну Навагоднюю ноч абысці столькі населеных пунктаў! І не толькі абысці, а яшчэ зазірнуць у кожнае акно, дзе ёсць дзеці, і пераканацца, што ніводзін з іх не пакрыўджаны, што кожнага чакае падарунак.

Зрабіць гэта аднаму, нават казачнаму Дзеду Марозу было немагчыма. Ён стаптваў за ноч не адну пару валёнак, стамляўся, а не паспяваў зазірнуць нават у тысячную частку акон, дзе жывуць дзеці.

Тады Дзед Мароз-адзінота выкінуў на сметнік усе свае стаптаныя валёнкі і абурыўся:

— Чаму я адзін непакоюся пра дзяцей? Нас жа, марозаў, шмат, толькі астатнія не вельмі любяць чадныя гарады. Яны, маладзейшыя, разбегліся па палях і лясах. Чым яны там забаўляюцца? Пустым! Каго за нос ушчыкнуць, каму вушы падмарозяць, некага за шчокі куснуць.

І гэты Дзед мароз, на правах старэйшага, гукнуў і сабраў вакол сябе больш маладых калег, якім загадаў:

— Хопіць бесклапотнасці! Можна адну ноч у год і парупіцца! Разыходзьцеся па ўсіх гарадах і вёсках, дзе ўсталявалася зіма і дзе адзначаюць Новы год, сачыце там за парадкам. Ніводнае дзіця не павінна застацца без падарунка. Зазірайце ва ўсе вокны і, калі каму з дзяцей бацькі забыліся пакласці пад Ёлачку падарунак — рабіце гэта ноччу самі. Для чаго я і надзяляю кожнага з вас на адну толькі ноч чараўніцтвам.

Пры гэтым строга забараніў сваім маладым калегам праяўляць сябе, паказвацца людзям. Тлумачыў так:

— Людзі, даведаўшыся, што ёсць мы, сапраўдныя, адвернуцца ад несапраўдных, і тады мы будзем вымушаны на ўсе святочныя дні забаўляць дзяцей у душных залах. А гэта вельмі небяспечна для нашага здароўя.

Калі галоўны Дзед Мароз забараняў калегам «праяўляць сябе», ён хацеў, каб яны сачылі за шалікамі, якія закрываюць твар і асабліва не расхіналі сваё доўгае адзенне снежнага колеру, пад якім апранута — адкрыю сакрэт! — усё тая ж чырвоная альбо блакітная вопратка. Гэтыя два колеры ў сапраўдных Дзядоў Марозаў, як і ў несапраўдных — любімыя колеры.

Вось такой Навагодняй ноччу, калі Міколка абвінавачваў бацькоў у падмане, адзін з маладых Дзедаў Марозаў, зазірнуў у акно і жахнуўся:

— Ая-я-яй! — пляснуў ён рукавіцамі снежнага колеру.— Хлопчык губляе веру ў нас. Як гэта блага, калі нават дарослы чалавек губляе веру ў штосьці вельмі важнае для яго. А тут дзіця! Я павінен вярнуць яму веру ў казку.

І гэты чулы Дзед Мароз пастукаўся ў кватэру, дзе жыве Міколка. Дзверы адчыніла маці Міколкі і разгубілася, нават спалохалася, бо быў бачны толькі ружовы твар, а адзенне снежнага колеру, на фоне калідора, надавала незнаёмцу абрыс лёгкага туману.

— Хто вы? — спыталася жанчына.

— Я — Дзед Мароз! — адказаў незнаёмец.

— А мы вас не заказвалі, не выклікалі,— яшчэ больш разгубілася яна.— Ды і ноч ужо...

— А я — сапраўдны Дзед Мароз! Сапраўдны! Вы і не маглі мяне выклікаць! — усклікнуў незнаёмец. Затым спахапіўся: — Вой! Я зараз распрануся і праяўлюся ўвесь!

І ён, парушаючы забароны галоўнага Дзеда Мароза, скінуў вопратку і заззяў шыкоўным, сапраўдным дзеда-марозаўскім адзеннем, якое шматкалярова выпраменьвалася.

Маці Міколкі ахнула ад убачанага і, хоць не паверыла, што гэта сапраўдны Дзед Мароз, выказала гасціннасць і запрасіла незнаёмца ў пакой:

— Заходзьце, калі ласка! І хоць мы вас не выклікалі, мы рады вам. Потым паклікала сына: — Міколачка! Да цябе прыйшоў сапраўдны Дзед Мароз. Ён пацвердзіць, што мы па яго просьбе паклалі падарунак пад Ёлачку.

Дзед Мароз зайшоў у залу, дзе ля елачкі стаяў заплаканы хлопчык.

— Дык ты не верыш, Міколка, што я сапраўдны Дзед Мароз?

— Не веру...— захліпаў носам Міколка.— Вас выклікаюць за грошы. Мне ўжо шэсць гадоў, мяне не падманеце...— хлопчык выцер слёзы і спытаўся: — А дзе ваш падарунак, калі вы сапраўдны Дзед Мароз?

— Пад Ёлачкай. Пад Ёлачкай! — загаманілі бацькі.

Дзед мароз урачыста абвясціў:

— Мой падарунак чакае цябе наперадзе. Ты яго хутка атрымаеш! Апранайся!.

— Куды? — занепакоіліся бацькі.— Ён будзе дома, ноч на дварэ! З незнаёмцам мы яго нікуды не пусцім!

— Ноч гэта — Навагодняя, казачная! — зноў абвясціў Дзед Мароз.— Яна і толькі яна дазваляе раз на год ствараць неверагодныя цуды! За мной, Міколка!

І цуды адразу пачалі адбывацца, бо Міколкавы бацькі, як пад гіпнозам, стаялі і за ўсім пакорліва назіралі, а хлопчык апрануўся і пабег за незнаёмцам.

Ля пад’езду стаялі крылатыя сані, у якія селі Дзед Мароз і Міколка. Сані ўзмахнулі крыламі і ўзмылі ў марознае паветра Навагодняй ночы. Недзе ўнізе, казачным міражом паміргваў горад.

— Цяпер ты верыш, што Дзед Мароз існуе? — перакрыкваў свіст ветру Міколкаў знаёмы.

— Веру, калі гэта не сон, веру!

— Вось гэта і ёсць мой Навагодні падарунак табе! Вера ў казку — хіба гэта не падарунак?!

— А куды мы ляцім? — пацікавіўся хлопчык.

— Убачыш! Хутка ўсё ўбачыш і яшчэ раз пераканаешся, што жыццё і казка — побач!

Раптам, калі здавалася, да зорак можна было дакрануцца рукой, двух летуценнікаў дагналі другія, значна большыя крылатыя сані, у якіх сядзеў галоўны Дзед Мароз. Ён пералятаў ад горада да горада, ад вёскі да вёскі і правяраў, як яго падначаленыя выконваюць яго загады.

— Ты куды? — грымнуў ён на Дзеда Мароза.— Чаму пакінуў свой абход?

Маладзейшы Дзед Мароз пачаў апраўдвацца:

— Вось ён, гэты хлопчык, згубіў веру ў нас, у казку... Я вязу яго на Нябесны Навагодні баль, дзе вакол Казачнай Навагодняй Ёлкі танчаць Феі, Анёлы, Чараўніцы і казачныя...

— Ты парушыў маю забарону і паказаўся людзям! — зноў грымкнуў галоўны Дзед Мароз.— Я пазбаўляю цябе казачнага чараўніцтва! Вяртайся на зямлю і заставайся там назаўсёды — будзеш кожны год на галоўнай Ёлцы вадзіць карагоды з дзецьмі! Бывай! — і ён знік у начным небе.

Дзед Мароз-малодшы неахвотна павярнуў сані і сумна выдыхнуў:

— Вось, Міколка, заўтра я ўжо буду несапраўдным Дзедам Марозам...

— Не! Не! — горача ўсклікнуў хлопчык.— Вы для мяне заўсёды будзеце самым сапраўдным. Заўсёды!

— Я ж не давёз цябе да Нябеснага Навагодняга балю, павінаваціўся Міколкавы «самы сапраўдны» Дзед Мароз.

— Нічога! — бадзёра адказаў хлопчык.— І на зямлі Навагоднія Ёлкі вельмі прыгожыя, і вакол іх карагодзяць, хоць і ў масках — і Феі, і Анёлы, і Чараўніцы, і шмат іншых казачных персанажаў...

Як і дзе прызямліліся крылатыя сані і як Мікола вярнуўся дамоў, ён не памятае.

Раніцай бацькі ледзь дабудзіліся яго:

— З Новым годам, Міколка! З новымі радасцямі і падарункамі, сынок!

Міколка ўскочыў з пасцелі і пабег да бацькоў:

— Мама! Тата! Я хачу папасці на Галоўную Навагоднюю Ёлку! Там будзе мой знаёмы. Самы сапраўдны Дзед Мароз! Пойдзем?

— Пойдзем, абавязкова пойдзем, Міколка! — згадзіліся бацькі.

З Новым годам!



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 5. Казкі. Прыгоды / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2017. - 495 с.