epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Мільянер з Ганконга

— Я верыць больш не буду

Прыдумкам інтэрнэта.—

Казала не без жуду

Кабеціне кабета.

 

— Цяпер, у нашым часе,

Адчула крыўды ноту.

Балюча апяклася

Аб гэтую брыдоту.

 

Раскрыла я хлябала

Й піла няпраўду-матку.

Такіх дурніц нямала

Улезла ў яго пастку.

 

Я долар не шкадую,

Мой долар — дробны донар.

Я не аб ім бядую —

Я страціла свой гонар.

 

Было б мне гора мала,

Каб сорам быў без сведак.

Ўсё казку абяцала,

А адбылося гэтак.

 

*

 

«Шукаю сабе жонку,

Ды лепшую у свеце.

Я — мільянер з Ганконку! —

Крычыць на ўсю старонку

Аб’ява ў інтэрнэце.

 

— Магу узяць і з дзіцем,

Й старую, выбачайце.

Свой здымак размясціце

Ў камп’ютары, на сайце.

 

Душой я сімпатычны,

Для жонкі — падарунак.

Прышліце сімвалічны

Даляр, як пацалунак

На гэты вось рахунак.

 

Ды паспяшайце, раю,

Лёс хліпкі чалавечы.

Чакаю, аж згараю —

Цалую!

Да сустрэчы!»

 

*

 

Што пачало рабіцца!

Шугаў імпэт без меры.

Ганконг нявестам сніцца

З прыгожым мільянерам.

 

І яхты, і палацы,

Й сямейны секс пікантны.

Жыві сабе без працы

У золаце, брыльянтах.

 

Круізнічай па сушы,

Па моры-акіяне.

Экзотыкі — па вушы,

На блюдзе — ўсе жаданні.

 

Знайшлося шмат ахвотніц,

Гарачых ухажорак,

І маладзенькіх модніц,

І тых, каму за сорак.

 

І кожная гатуе

Свой план, задумку-сметку,

Каб рыбку залатую

Пярвей злавіць у сетку.

 

Змясцілі фатаздымкі,—

Наблізілі абдымкі.

І долар — на рахунак,

Як сімвал-пацалунка.

 

Зрабіўшы справу гэту,

З іх кожная адразу,

Ад свата-інтэрнэту

Чакалі ўжо адказу.

 

Чакалі — і ні слыху

Ані зімой, ні летам.

І што гэта за ліха

З праклятым інтэрнэтам?

 

Нарэшце ўсё ж адклалі

Хімеры-мары долу.

І скаргі ўсе даслалі

Ажно да інтэрполу.

 

Й праклёны наўздагонку,

Што ён ім лёс пагоршыў,

Што мільянер з Ганконгу

Усіх іх аблапошыў.

 

Адказ на ўсе паперы

Быў ад паліцыянтаў:

«Ў Ганконгу мільянеры

Ўсе, як адзін, жанаты.

 

Й навошта жонка тая

З чужых краёў, далёкіх,

Калі сваіх хапае,

Прыгожых, вузкавокіх?..»

 

*

 

Я думаў. што завершым

Расповед нецікавы,

Ды нашы «мільянершы» —

Ў міліцыю з заявай.

 

Наш вышук крымінальны —

Не інтэрпол адсталы

Шукаў ён дасканала,

Дзе ж мільянер прапалы?

 

Ні селі на хвілінку,

Вышуквалі актыўна.

Сляды вялі ў глыбінку,

У вёску з назвай дзіўнай.

 

Вядомы, знакаміты,

Ганконг багаты, сыты,

Ён з нашай гэтай вёскай

Быў пабратым і цёзка.

 

У вёсцы гэтай змалку,

Нібыта вецер вольны,

Век дажывае Саўка,

Да ўсіх штукарстваў здольны.

 

Ён мусіў аўдавіцца,

Самотны стаў, як хутар.

Каб ад нуды адбіцца,

Купіў сабе камп’ютар.

 

Цяпер жыццё ён ладзіць,

Набыўшы цацку гэту.

Дзядуля не вылазіць

З сусвету-інтэрнэту.

 

Бо старасць з адзінотай —

Занудзістая з’ява.

У інтэрнэт употай

І даў стары аб’яву.

 

Такую вось зацірку

Зварыў ён незласліва.

Але яго за шкірку

Міліцыя схапіла.

 

— Чаму таемна плодзіш

Такі канфуз глабальны?

Чаму у зман уводзіш

Нявест патэнцыяльных?

 

Але стары лагодна

У вочы ўсім смяецца:

— Дык вёсачка Ганконгам

Ужо даўно завецца.

 

— Чаму ты мільянерам

Назваўся беспардонна?

— Дык пенсія памерам

Мая — у тры мільёны.

 

Рублёў, а не даляраў!

Ці ж гэта грошы? Блохі!

Цяпер з-за бабскіх мараў

Разбагацеў я трохі.

 

Бо кожная з іх слала

Даляр, як пацалунак.

О, іх прыйшло нямала —

Мільён на мой рахунак.

 

Перарабіўся з часам

Цяпер мой лёс цікаўны.

Цяпер, без выкрункасаў,

Я мільянер сапраўдны.

 

— Ну, а навошта жонку

Шукаў сабе з край-свету?

Ці ж у тваёй Ганконгцы

Не мог знайсці кабету?

 

Дзед усміхнуўся: — Я бы

Круціў тут фідлі-мідлі,

Але даўно мне бабы

Мясцовыя абрыдлі...

 

Дарэмна тут шукала

Міліцыя крамолу.

Ўсё, да драбніц расклала —

Куды тут інтэрполу!

*

 

А што ж «нявесты» маюць?

Нічога і нікога.

Цішком яны ўскладаюць

Надзею на старога.

 

І нават маладзіцы

Будуюць план няспынна —

Вось бы з старым зжаніцца,

Вяроўцы ж век не віцца,

Памрэ — мільён пакіне...

 

Жыве бязбедна Саўка,

Без непатрэбных мараў.

Да пенсіі прыбаўка —

Ажно мільён даляраў.

 

Не тужыць ён ніколькі,

Цяпер з ідэяй новай:

«Жаніцца буду толькі

З вяскоўкаю, з мясцовай».



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 8. Вершы. Паэмы. Гумарэскі. Байкі. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 511 с.