epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Мінулагоднія карані

Паэт я не настолькі дасканалы,

Каб прысвяціць сучаснасці радкі.

Дый сам я не сучасны, а адсталы,

Я толькі у мінулым гаваркі.

 

Я пра яго пішу,

няхай не складна,

Затое святамовай тых часоў.

Не разразаю повязь безаглядна

З мінулым вастрынёй сучасных слоў.

 

Я ведаю —

Пішу я нецікава

Для тых, хто ў новым часе на куце.

Але ж, ад году ў год,

ад веку ў век атава

З мінулагодніх каранёў расце.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 9. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2018. - 420 с.