epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Мінулы мой дзень

Не знік я з зямлі, як Садом і Гамора,

Хоць дыбіў гады, «не пасціў».

Падзяка табе, дзень мінулы — учора,

Ты ў сёння мяне прапусціў.

 

Аблога спакусаў, падзей шматгалоссе,

Нам дораць і смех, і слязу.

Мы кожны, па ўласным нязведаным лёсе

Выкрочваем, як па лязу.

 

Бязгрэшнасць свая міражом палымнее,

А грэх? Толькі цень, толькі блік.

І кожны ад грабляў сваіх разумнее,

Чужыя памылкі — не ў лік.

 

Мінулы мой дзень — і суддзя, і падпора,

І прыцемак ты, і святло.

Падзяка за тое, табе, маё ўчора,

Што ты неапошнім было.


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.