epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Мінус і плюс

Творчы вечар «Тытана»...

Проч усіх і ўсяго,

Я на вечар пазваны,

Як калега яго.

 

Псеўданім гэткі гучны

Выбраў ён, як маяк,

Хоць і піша дакучна

Абы што й абы як.

 

Выступленні паросіць

Будуць там лізуны

Будуць тое узносіць,

Ў што не вераць яны.

 

Не адзін там эпітэт

Захлынецца ў хвальбе.

Ды і сам з апетытам

Ён ухваліць сябе.

 

*

 

Ісці ці не ісці —

задачу вырашаю,

Хоць ведаю,

дзе дрэвы, а дзе пні.

Ды чую, як мяне

канапа запрашае:

— Ты лепей

Адпачні ад мітусні...

 

— Магу пацвердзіць я,

цікавага там мізер,

Духоўнага —

Увогуле там нуль. —

Раптоўна падтрымаў

канапу тэлевізар,

— Нятворчым

І хаўрусным тхне адтуль...

 

*

 

Я іду ўсё ж на вечар

І з душы скінуў груз,

Бо у кожнай сустрэчы

Ёсць і ў мінусе плюс.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 9. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2018. - 420 с.