epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Містыка

Яська Хліпак, хударлявы нізкаросцік і баязлівец, наколькі баяўся свайго начальніка Хлыстуна, настолькі яго і ненавідзеў. Чаго толькі не рабіў Хліпак, каб пазбегнуць начальніцкай «ласкі» — і на гадзіну раней на працу прыходзіў, і на дзве гадзіны затрымліваўся пасля працы, і пазбавіў сябе перакураў — нічога не дапамагала.

— Ты, Хліпак,— гнеўна распякаў яго начальнік,— тормаз нашых памкненняў!

Якое ж было шчасце, калі аднойчы ноччу Хліпаку лёс падараваў сон, у якім Яська рашуча і справядліва лупянуў кулаком пад вока свайму тырану-начальніку.

Прачнуўся Хліпак у халодным поце, затое вельмі задаволены сабой.

«Ну, хоць жа ў сне я зрабіў тое, што даўно павінен быў зрабіць у жыцці!» — з гонарам падумаў Хліпак.

Прыйшоўшы, як заўсёды, раней на працу, Яська нервова чакаў сустрэчы з шэфам: а раптам той нейкім чынам здагадаецца пра крамольны сон!

Убачыўшы начальніка, Хліпак схапіўся за сэрца і ледзь не паваліўся: пад вокам у Хлыстуна ззяў вялізны сінячышча. Начальнік неяк баязліва абышоў свайго падначаленага і праслізнуў у кабінет. Хліпак увесь дзень тросся як асінавы лісток, чакаючы суровага пакарання за свой сон, але начальнік так і не паказаўся.

Наступнай ноччу Хліпаку прыснілася, быццам ён з усяго размаху садануў начальніку па зубах, ад чаго тры пярэднія начальнікавы зубы як карова языком злізала.

Хліпак імгненна ўскочыў з пасцелі, быццам яго аблілі халоднай вадой, і да раніцы праседзеў на ложку, трасучыся і баязліва чакаючы спаткання з начальнікам.

Якое ж было яго здзіўленне на працы, калі ў службовы пакой бокам ушчаміўся Хлыстун і, прысвістваючы бяззубым ротам, прывітаўся з Яськам, пасля чаго зноў слізгануў у свой кабінет.

Хліпак не ведаў, што і думаць. Ці гэта сны нейкім чынам спраўджваліся, ці гэта было звычайнае супадзенне?..

Колькі разоў ён сніў, што займеў цэлыя мяхі грошай ды куфры з золатам, а прачнуўшыся, нават капейкі не знаходзіў. А тут што ні сон, то, як кажуць, у руку.

Калі ж трэцяй ноччу яму прыснілася, што Хлыстун сказаў: «Мы з табой болей не спрацуемся, Хліпак!» — Яська не ведаў, што б гэта магло значыць, да чаго такі сон.

Але, падышоўшы да прахадной, Хліпак усё зразумеў, бо вахцёр не прапусціў яго і паказаў на дошку аб’яў, дзе красаваўся загад аб звальненні і выплаце разліку.

«Хоць грашыма кампенсую неверагодную недарэчнасць!» — усцешыў сябе звольнены бядак.

Але касірка праз акенца патлумачыла разгубленаму Хліпаку, што ўсе грошы атрымала яго першая жонка.

— Калі яна паспела? — злосна буркнуў Хліпак і падаўся дамоў.

Пераступіўшы парог сваёй кватэры, ён ачомаўся:

— Якая жонка?!. Я ж пакуль зусім не жанаты! Што за чорт?!

Вечарам Хліпак доўга хадзіў па пакоі, баючыся легчы ў пасцель, а калі ўсё ж лёг, не заплюшчваў вачэй — ратаваўся ад новых бачанняў у сне. Але пад раніцу яго размарыла, і новы дзіўны сон не прымусіў сябе доўга чакаць. Прыснілася Хліпаку, быццам жонка злітавалася і аддала яму заробленыя грошы. Хліпак схапіў дзвюма рукамі грошы і ад радасці прачнуўся. Зірк сабе ў рукі — пуста!

«Што за халера прыснілася?» — падумаў ён і раптам уголас войкнуў: побач, на ложку, спала чароўная незнаёмая маладзіца, якая праз сон пяшчотна сказала:

— Спі, Яську, дзяцей разбудзіш, ды і на працу табе раніцай...



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 3. Апавяданні. Аповесці / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 551 с.