epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Між радкоў

Пісала маці сыну:

— Крывіначка мая родная! Сыночак мой залаценькі! Заблыталася я лічыць дні і ночы пасля апошняга твайго прыезду. Стамілася душа, збалелася сэрца: а ці здаровенькі ты? Як пачуваецца твая жонка? Ці не пахварэлі мае ўнучанькі? Спадзяюся на лепшае і дзякую Богу за гэта, але ж у галаву лезе рознае насланнё, а душу вярэдзіць невядомасць.

Пра мяне не турбуйцеся. Я ўжо акрыяла ад апошняй нямогласці, дзякуй Богу, магу крануцца — сама і напіцца, і перахрысціцца...

«...З голаду не паміраю,— чытаў сын уголас далей атрыманы ліст ад маці,— праўда, хлеб не сказаць што скончыўся, але высахлі апошнія скарынкі і адвярнуліся ад маёй бяззубасці. Ды і як ім было не скамянець, калі часу мінула ў адзіноце столькі, што і дрэвы пагалелі пасля лета, і зямелька падрыхтавалася да зімы...

Успомніла халады і міжволі схамянулася: ці перазімую ў халоднай хаціне? Праўда, нейкае лам’ё на дрывотні пакуль ёсць ды бурак з бульбінай у варыўні, але ўсё роўна боязна.

Ведаю, што вы там апошнім часам дужа занятыя, і замілавана ўспамінаю тую пару, калі быў жывы бацька і не зводзіліся ў нас парсючкі ў хляве, а кароўка штогод частавала нас і малаком, і масельцам. Былі і вы тады вальнейшыя...

У мяне ўсё добра, то беражыце сябе і бывайце здаровенькія...»

Сын адарваўся ад пісьма і запытальна зірнуў на жонку:

— Не зразумеў, чаго яна дамагаецца. Скарга не скарга, просьба не просьба — нейкі рэбус...

Жонка выхапіла з рук мужа пісьмо, прабегла па ім вачамі:

— Што табе, дурню, незразумела? Просіць не турбаваць яе: сама п’е, сама хрысціцца! Варыўня поўная бульбы, іншай гародніны, дровы ёсць. Што яшчэ трэба?! А тое, што хлеб прычарсцвеў, дык чэрствы хлеб здаравей для старога арганізма.

— Можа б, з’ездзіць, праведаць яе? — вагаецца сын.— Рэбус нейкі прыслала...

— Ды які рэбус? — усхадзілася жонка.— Чытай між радкоў — распанела! А па-руску кажучы — з жыру бесіцца!



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 3. Апавяданні. Аповесці / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 551 с.