epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Міжрадкоўе

Праз уласны мой лёс,

праз уласнае «я»,

Праз грамадства грахоўна-прачыстае,

Пралягае складаная

творчасць мая,

Паэтычная і жывапісная.

 

На душы —

Самых розных пачуццяў гара,

«За» да «супраць»

нярэдка хінулася,

Не крычаў я,

дзе трэба й не трэба «ура!»,

Але й «ганьба», дзе трэба

ледзь чулася.

 

Каб натхненне душы

не ўдавіла сіло —

Ў словах — сэнс,

але лепш — двухсэнсоўе.

І маўчанне —

Далёка не згодай было,

Не маўчала маё й міжрадкоўе.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 11. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2019. - 452 с.