epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Мне ніхто не забароніць

Карпілаўка святлом іконіць,

Хоць змрок, хоць навальніца.

І мне ніхто не забароніць

На родны кут маліцца.

 

На вас, нябачныя сцяжыны,

Нязгаслых успамінаў,

На вас, аджыўшыя хаціны,

На ўсіх, хто ў вечнасць згінуў.

 

Хоць час нікога не мілуе,

Пужае долам, страшыць,

Душа яшчэ з жыццём віруе,

Бунтуе і кірмашыць.

 

Жыццёвы вір таго палоніць,

Хто перастаў змагацца.

І мне ніхто не забароніць

Самім сабой застацца.


2007-2016

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.