epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Мне выпаў гонар...

Часоў неўтаймаваных

чую подых —

То на спагаду,

то на жорсткасць мода...

Мне выпаў гонар

жыць у двух стагоддзях,

Хаця і дзень жыцця — узнагарода.

 

Бывае й дзень —

стагоддзі упрыгожыць,

І ў кропельцы расы —

нябёс бяздонне.

Мне выпаў гонар

скарб духоўны

множыць,

І ганьба выпала

дзяліць грахі штодзёння.

 

Я светлым дням

і змроку ў вочы глянуў,

Я навучыўся плакаць і смяяцца.

Мне выпаў гонар

быць адным з зямлянаў,

Мне выпаў гонар

чалавекам звацца.


2007-2016

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.