epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Mo беззаконне?..

Закон прыроды?.. Mo беззаконне?..

Ланцуг харчовы — у ім і мы.

Чужая кроў і плоць — на коне,

І смерць...

Закон — глухі, нямы.

 

Хто ж так прыдумаў? Калісьці? Дзесьці?

Хто з «быць — не быць»

абраў «не быць»?

Каб жыць — кагосьці трэба з’есці,

Загрызці, разадраць, забіць.

 

Штодзень, штовек —

драпежны танец,

Адна арбіта — віток, віток.

Наш Бог — не вегетарыянец...

Зноў кіпцюры не ўпусцяць шанец,

Зноў для клыкастых —

крыві глыток.

 

О, я — дзівак! Шкадую птушку,

Зайца, казулю, мураша.

За грош і нас бяруць на мушку,

Жыццё — не варта і граша.


2000-2007

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.