epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Моцарт і Сальеры

Сальеры Моцарта

надоўга перажыў,

Пакінуўшы нашчадкам шмат

загадак і разладу.

І свет гудзе, варожыць,

як і варажыў —

Ці выпіў Моцарт

з рук Сальеры яду?

 

Ці ён не вінаваты?

Ці адбылося зло?

Ці гэта ўсё —

дасціпных чутак казкі?

 

І вось праз шмат гадоў

сустрэцца ім дало

У іншым свеце

вечнай Божай ласкі.

 

— Цяпер ні ты, ні я,

не вернемся назад, —

Прамовіў Моцарт ціха...

— Дзеля высокай веры,

Скажы (тут толькі мы і Бог),

ты мне падсыпаў яд?

І, не вагаючыся,

адказаў Сальеры.

 

Палала лютай зайздрасцю

уся душа мая,

Недасягальны геній твой —

маёю быў няволяй.

Калі й атруціў хтось цябе —

толькі не я

Я за тваёй спіною інтрыганіў —

і не болей.

 

Здзівіўся Моцарт:

— Да вушэй маіх

Дапяла: ты — забойца мой,

цынічны, бесклапотны.

Сальеры выдыхнуў:

— Я сам такі пладзіў

паўсюдна слых,

Каб праз яго

застацца

бессмяротным.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 7. Вершы. Паэмы. Апавяданні. Казкі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 408 с.