epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Могілкі

Дзе пахавацца чалавеку,

Было праблемаю заўжды.

Здавён адносілі, спрадвеку,

Далей ад горада клады.

 

Далей...

Ад часу няма спасу,

Ён тлумны не спыняе рух.

І горад, пад уплывам часу

На ўсе свае бакі разбух.

 

І пашыраецца штодзённа,

Імкнецца разрасціся ён.

І могілкі безабаронна

Патрапілі ў яго палон.

 

Век нашай памяці кароткі,

З гадамі карацее ён.

Зрабіліся магілы продкаў

Замінішчам для новых дзён.

 

Мінулага агеньчык кволы

На могільніку раптам згас —

На гэтым месцы навасёлы

Спявалі й танчылі праз час.

 

Пануе час бесчалавечны —

Былі ў нас продкі — не былі?

Ці знойдзем мы

Спакой свой вечны

У сне апошнім, у зямлі?



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 7. Вершы. Паэмы. Апавяданні. Казкі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 408 с.