epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Мой анёл

Цяпер адчуў глыбей: я — госць,

«Пакуль» — прысуд, не паратунак.

І мой анёл, калі ён ёсць,

Няшчасны.

Я — не падарунак.

 

Ён светлы плён жыцця майго

Ад першай хвілі — да магілы.

Мой лёс і засмучаў яго,

І ацяжарваў яго крылы.

 

Ў жыцці складаным, а не ў сне

Дзіўлюся шчыра я, бяскрылак,

Як доўга ён нясе мяне

Над безданню маіх памылак.

 

Яго спрыяльнасць сэрцам п’ю,

І дзячу, не заўсёды ўдала.

Чым запазычанасць маю

Яму аддаць?

Ўсё будзе мала!

 

Я гучна жыў — і ўкрыў, і ўкос,

Адкрыта з недаверам хеўрыў.

Ды прасвятленне мнe прынёс

Анёл — і я ў яго паверыў.


2000-2007

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.