epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Мой дружа — лес

Мой дружа — лес!

Сяброўкі — пералескі!

У свой тут час

шчыруюць без сяўбы:

Вясной —

блакітнавочыя пралескі,

Улетку — ягады,

а восенню — грыбы.

 

Зімой — бялютка,

сон і адпачынак,

Дзесь — дзятла стук,

ледзь чутны піск сініц,

Ды дзе-нідзе —

з рабінавых галінак

Звісае чырвань

ягад-завушніц.

 

Мой дружа лес,

здаўна — сапраўдны дружа,

Гады не сталі

паміж нас сцяной.

Ці спёка,

ці ліюць дажджы,

ці сцюжа,

Ці расставанні —

ты заўжды са мной.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 6. Вершы. Гумарэскі. Паэмы. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 463 с.