epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Мой першы «А»

Я з вучнямі, вучыўся ў школе з кім,

Знаходжуся і сёння, як на ўроку.

І неастылым сэрцам я сваім

Гляджу на іх з далёкага далёку.

 

І вельмі жыва бачу ўсё праз час,

Кранальна ўсё ўспрымаецца і міла.

А клас жа, клас быў — ажно сорак нас

І шмат нас, шмат «на галаве хадзіла».

 

Прайшло аж цэлых семдзесят гадоў,

Як селі мы за парты першы раз.

О як бы я заскочыў шумна зноў —

Варакса, Шніп, Шадэўскі, Арцюхоў,

Штурхаючыся з вамі ў першы клас.

 

І сябравалася не менш мацней

З дзяўчынкамі, мы, як адна сям’я —

Шылкевіч, Васіленка, Галавей,

Серабракова — ўсіх вас помню я.

 

Даўно ўжо пасівела галава,

Плынь лёсу ўперад кожнага нясе.

Я не забыўся на свой першы «а» —

Як вы? Дзе вы? І ці жывыя ўсе?..



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 14. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2021. - 376 с.