epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Мой тата

Я вельмі шмат табе недасказаў,

Мой родны чалавек, мой добры тата...

Ты з маладосці лёс свой закілзаў,

Жыў для сям’і самаахвярна, свята.

 

Што я кажу? Ці ж толькі для сям’і?

Ты да касцей быў змучаны калгасам.

Ліліся слёз па сэрцы ручаі,

А то і кроў яго паіла часам.

 

Было — ў цябе стралялі тры вайны,

Былі не раз пакуты, перамогі,

Пасля чаго насіў ты лахманы,

З якіх так і не вылез да труны,

I абуваў у лапці свае ногі.

 

Ты ў неабходным адмаўляў сабе,

Душой узнёслы, сціплы і руплівы.

Я так хацеў хоць раз абняць цябе,

Ды стрымліваў пачуцці сарамліва.

Каму цяпер аддаць мне пачуццё,

Што для цябе нашу я ў сэрцы, тата?

Мой дарагі! Пакінуў ты жыццё,

Як жыў заўсёды — сціпла, ціха, свята...


1980-1990

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.