epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Мова

Ты з народзін маіх

Неадступна са мною,

Ты — жыцця гаспадыня,

А я толькі госць.

Ты зямною была для мяне

Й незямною.

Для мяне па жыцці

Ты такою і ёсць.

 

Ты ўладарыш душой,

Нараджаючы творы,

То уздымеш мяне,

То абрынеш ізноў.

То вядзеш у тупік,

То размежыш прасторы,

То запаліш натхненнем,

То выстудзіш кроў.

 

Ўсё, што ў сэрцы нашу,

Аддаю без астатку

Я табе

І душы мілагучнай тваёй

Каб валодаць табой,

Неабходна спачатку

Падыйсці да цябе,

Як да веры святой.

 

Незямной і зямной

Ты была безумоўна,

Для мяне назаўжды

Ты такая і ёсць.

І калі я да іншых

Звяртаюся моваў,

Для таго, каб падкрэсліць

Тваю прыгажосць.

 

Твой алтар для мяне —

Твае літары й словы,

Неад’емны мой крыж,

Неад’емны мой лёс.

Я нясу яго свята

І несці гатовы

Да апошняга дня,

Як дагэтуль і нёс.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 12. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 416 с.