epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Мудрасць вякоў

Дзіўная рэч —

нібы прывіды-здані,

Ў век дваццаць першы

прыйшлі праз вякі,

Каб запаліцца

у цемры, ў тумане

«Вочы» пра-продкаўшчыны —

Маякі.

 

Буры

І дзевяцібальныя хвалі,

Горы шалёнай,

закіплай вады —

А маякі

Шлях для ўсіх асвятлялі,

Колькі яны

За вякі ўратавалі

Вас, мараходы,

ад гіблай бяды!

 

Сёння —

Касмічная сувязь, радары —

Вочы і вушы,

паўсюдна, лічы.

А маякі,

Нібы светлыя мары

Свецяць і свецяць

бяссонна ў начы.

 

Свеціць маяк,

ды і душы ён грэе,

І не спяшаецца

выйсці ў запас.

Што б ні казалі —

святло не старэе

Нават і ў самы

«прасунуты» час.

 

Вось і ў паэзіі,

ў творчасці кожнай,

Пераклікаецца мудрасць вякоў —

Можна быць талентам,

лепшым быць можна,

Ўсё ж не абыдземся

Без «маякоў».

 

Нам яны свецяць

святлом небывалым,

Веліччу лёсаў

вядуць за сабой,

Каб абыйшлі мы

бяздарнасці скалы,

Каб не разбіў нас

аб рыфы прыбой.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 9. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2018. - 420 с.