epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Музеяў экспанаты

Камбайнаў не злічыць — які размах!

Ідуць па полі роўненька, ў лінейку.

І ўсё ж лугі сумуюць па касцах,

Палі сумуюць па запеўных жнейках.

 

Без тэхнікі — ніяк

Я — не сляпы,

Але ў старых людзей

з мінулым лёсы.

Зямельцы штось нашэптвалі сярпы,

Насвіствалі штось лугавінам косы.

 

Зямлі мы неад’емнасцю былі

І адчувалі пульс яе і подых.

Мы на нагах стаялі на зямлі,

А сёння — на жалезе і на колах.

 

Я разумею, сёння час другі,

Каса і серп — музеяў экспанаты.

Ў сучасным цвёрда дзве мае нагі,

Душа ў мінулым,

Там мае ўсе святы.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 11. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2019. - 452 с.