epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Мужнасць

Вы бачылі, як прабівае

травінка асфальт?

Асфальт для зямлі, для травы,

для расліннасці — гвалт.

Асфальт для зямлі, для травы,

для расліннасці — краты,

Пад ім пахаваныя

кволага парастка святы.

Абрынуўся на чалавецтва

прагрэс-дабрадзей

І мёртвай скарынкай

зямлю аддзяліў ад людзей.

На мёртвай скарынцы

усё ж зелянеюць газоны —

Са штучнай і мёртвай травы

гэты насціл зялёны.

І ўсё-ткі жыццё ад жыцця

не аддзеляць ніколі —

Вунь, нават травінка прабілася

мужна з няволі,

Да сонца прабілася

скрозь рукатворнае бедства —

Як гэта падобна

на лёсы людзей, чалавецтва.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 7. Вершы. Паэмы. Апавяданні. Казкі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 408 с.