epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Мы ці яно?

Жыццё — не Алімп,

хоць узносіць высока,

Й ні пекла жыццё,

хоць абрыне уніз.

Ад першага —

І да апошняга крока,

Яно — непрыемны

й прыемны сюрпрыз.

 

І гэта прымае ўсё

лёс на рахунак,

Дарункі жыцця —

ружы й шышкі на лбе.

А мы?

Ці занадта ўжо мы падарунак

Жыццю-падарунку,

другім і сабе?

 

Жыццё — не Алімп,

Бо Алімп для абраных,

Для большасці ўсё-ткі,

Жыццё, як плато.

Ёсць месцы, куды

не чакаюць нязваных,

І нават у пекла —

яно нам нашто?

 

Па кроплі жыццё

прапускаем праз сэрца,

На хвалях яго —

мы то ўверх, то на дно.

Жыццё нам не ўласнасць,

хоць нашым завецца,

Мы ім не валодаем —

намі яно.

 

І хоць мы ў жыцці

ладзім розныя змены,

Спрыяем ці шкодзім

настрою свайму,

Ніхто з нас не ведае,

Колькі яшчэ нам

Валодаць жыццём

ці ўсё ж намі яму.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 10. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2018. - 432 с.