epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Мы і яна

Хоць будзь набожным,

Хоць бязбожным,

Хоць з самай светлай галавой,

Ва ўсе часы стаіць за кожным

ЯНА з навостранай касой.

 

І прадчуванне з ёй сустрэчы

Нам пры жыцці настрой псуе.

Як ад дурноты чалавечай,

He ўратавацца ад яе.

 

І што?

Крычаць: — Ратуйце, людзі?!

He дапаможа — лепей так:

ЯНА — за горла,

Вы — за грудзі,

ЯНА — з касой,

А вы — ў «пятак».

 

А ўцёкі будуць марнай працай,

Ёй плюнуць — нас дагнаць, злавіць.

Галоўнае — не азірацца,

Няхай сабе з касой стаіць.


2000-2007

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.