epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

На бязлюдным востраве

Здаецца, і здароўем не абдзелены,

Кроў не псуе і хуткая зіма,

Адгаласілі й майго лёсу шчэрбіны —

Я — жыць жыву,

А радасці няма.

 

Адзін я, а трагедый шмат —

І хто каго?

Душэўны боль распяў

святло ў вачах.

Хоць не Атлант,

а небасхіл жыцця свайго

Трымаю ўсё-ткі на худых плячах.

 

Жыву я, быццам, на бязлюдным востраве,

Свой лёс то ухваляю,

То кляну.

І непазбежнасць мне

касою востраю

Дзевятую казыча рабрыну.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 10. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2018. - 432 с.