epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

На дзве сям’і

Знаёмства
Сямейнае шчасце
Новае знаёмства
На мяжы разладу
Час супраць
Пятля зацягваецца
На дзве сям’і
Развязка


Знаёмства

 

Калі Раман упершыню ўбачыў яе, ён быў унутрана аглушаны, раздушаны, знішчаны. Хутчэй, ён убачыў не яе, а яе вочы — тую знакамітую кроплю расы, у якой адлюстроўваецца ўвесь свет з яго бязмежнасцю і разнастайнасцю. Ён адчуў сябе палонным, і не хацеў пазбаўляцца палону, ён адчуў сябе чалавекам, апынуўшымся пасярод акіяна, які не даплыве да берага і патоне — і ён не хацеў, каб яго ўратоўвалі, бо патануць у блакіце гэтых вачэй было б за шчасце.

Не стала гэтага свету, не стала яго ўласнага жыцця, засталіся толькі яе, ўсепаглынаючыя вочы.

Раман не так даўно вярнуўся з арміі, быў фізічна прываблівым і даволі сімпатычным. Яго начытанасць надавала яго ўнутранаму свету рамантычнасць, што было ўласціва яго маладосці. Пра такіх кажуць — гарманічна адораны чалавек.

Сёння, упершыню сустрэўшы гэту чароўную дзяўчыну, у яго гарманічнасці не хапала рашучасці, смеласці. Раман гэта адчуў з усёй катастрафічнасцю сітуацыі і пахаладзеў.

А катастрафічнасць сітуацыі была даволі простай. Не падыдзе ён зараз жа да яе, не загаворыць, і тратуарны натоўп людзей паглыне гэты цуд, і зноў яе ўбачыць у вялікім горадзе не пашчасціць. Падыдзе, загавора — і ў вачах дзяўчыны, магчыма, будзе выглядаць звычайным вулічным прыставалам.

Раман перабароў свой «гарманічны недахоп», нагнаў дзяўчына і крануў яе за руку.

Незнаёмка азірнулася.

— Што вам?

Раман ліхаманкава вышукваў нейкі, патрэбныя для такога моманту словы, і не знаходзіў іх.

Дзяўчына, не пачуўшы ні слова, крутнулася, каб ісці далей. Раман абмёр. Ён прымусіў язык варухнуцца і выціснуў з сябе:

— Скажыце, як прайсці...

— Куды? — даволі холадна спытала яна.

Раман маўчаў, як зачараваны.

Дзяўчына перапытала:

— Дык куды вам неабходна прайсці?

Раман нечакана выдыхнуў:

— Не ведаю... А хоць куды....

Пэўна, у яго быў настолькі разгублены і смешны выгляд, што незнаёмка ўсміхнулася і больш мякка спыталася:

— Вы заблудзіліся ў Мінску? Адкуль вы?

Раман зразумеў, што патануць у гэтых вачах прыемна, але не быць жа невядомым тапельнікам, пра якога гаспадыня вачэй праз дзень не ўспомніць. Ён старанна «намаляваў» на сваім твары ўсмешку і зноў выдыхнуў:

— Прабачце... я не заблудзіўся. Я жыву ў Мінску і не блага ведаю яго... Прабачце....

— А-а-а! — голас незнаёмкі зноў пахаладзеў,— Дык вы шукаеце на вуліцах горада прыгоды? Бывайце!

Дзяўчына зноў, цяпер ужо больш рашуча, крутнулася, каб крочыць далей.

Але і Раман праявіў рашучасць. Ён схапіў незнаёмку за руку:

— Стойце! Калі ласка, стойце! Я не люблю прыгоды... дакладней люблю іх, але не на вуліцах горада! Не думайце пра мяне блага, прашу вас!

— А як загадаеце пра вас думаць?

Раман яшчэ больш разгубіўся:

— Не ведаю... Думайце як-небудзь, толькі не блага. Я не хацеў вас пакрыўдзіць.

Дзяўчына праявіла характар:

— Яшчэ чаго не хапала! Ды не так проста гэта зрабіць, як вы думаеце.

Незнаёмка з першага погляду заўважыла нерушасць і сціпласць хлопца, ёй спадабалася яго нерашучасць і, безумоўна, прываблівая знешнасць.

— Дык навошта вы мяне спынілі? — ужо зусім мякка спытала яна, хаця, добра ведала, навошта.

Раман шчыра сазнаўся:

— Я ведаў, што не спыніўшы вас сёння, я ўжо больш ніколі не ўбачыў бы вас... Я гэтага вельмі баяўся. Каб я не закрануў вас, я б дакараў сябе ўсё жыццё, я б сябе ненавідзеў.

— Ого! — усклікнула яна. І ў гэтым «ого» чулася захапленне і павага. Дзяўчына працягнула яму руку:

— Тады давайце знаёміцца! Мяне завуць Валянцінай. А вас?

Раман далікатна ўзяў руку дзяўчыны ў сваю і з дрыготкім ад хвалявання голасам назваў сваё імя:

— А я Раман.

 

Сямейнае шчасце

 

Давясельнае знаёмства Рамана і Валянціны завяршылася даволі хутка. Тут асабліва і распавядаць няма аб чым, бо нічога новага ў іх каханні адкрыць не ўдасца. Праўду ж кажуць, што ўсе шчаслівыя каханні і шлюбы, аднолькава шчаслівыя. Вось і нашы закаханыя не вышлі за межы адвечнага канона адвечнага кахання.

Былі ў іх і абдымкі, і пацалункі, і гарачыя, узнёслыя словы прызнання ў першым каханні, і клятвы ў вечнай вернасці адно аднаму. Словам, усё тое, Богам дадзенае палкім і чыстым сэрцам, усё тое, што прызначаецца не для чужых вушэй.

І лагічным працягам іх рамантычных адносінаў стала вяселле. І ўсе вяселлі падобныя адно да аднаго, праўда, з адной даведкай. Гарадскія вяселлі значна адрозніваюцца ад вясковых. Але і яны розныя толькі знешне, а, па-сутнасці, і гарадскія, і вясковыя вяселлі — гэта непаўторнае (дай Бог, каб непаўторнае) свята двух сэрцаў, двух лёсаў, якія з першага паслявясельнага дня, пачынаюць будаваць дах жыцця над адным, агульным лёсам.

А што тычыцца сэрцаў, дык яны ўжо да вяселля зліліся ў адно — і сэрца, і пачуцце. Няхай ім шчасціць у жыцці!

Валянціна, пасля заканчэння філфака, працавала ў дзіцячай бібліятэцы, загадчыцай. Яе работа ёй вельмі спадабалася. Кожны дзень вакол яе — цікавыя кніжкі, дзеці, настаўнікі, бацькі дзяцей, тэматычныя вечарыны і віктарыны.

Праўда, яе праца вымагала і самааддачы, і, што галоўнае, патрабавала яе прысутнасці ў бібліятэцы нярэдка і ў выхадныя дні.

Гэта крыху псавала настрой Раману, які ў суботу і нядзелю быў вольны ад сваёй асноўнай працы. А ён, паколькі пакуль не меў ніякай спецыяльнай адукацыі, працаваў на Галоўным паштамце, ўпакоўшчыкам на складзе. Па-сутнасці, ён быў звычайным работнікам, які перакладаў, сарціраваў і нават грузіў розных габарытаў пасылкі.

Але гэту работу ён лічыў часовай, бо цвёрда вырашыў восенню пайсці вучыцца. Куды — пакуль не ведаў.

Тое, што Валянціна часцяком адсутнічала дома ў выхадныя дні, лёгка кампенсавала іх узаемнае каханне.

Раман не саромеўся ніякай дамашняй працы, а, бывала, ў выхадны дзень з задавальненнем бавіў час у той жа дзіцячай бібліятэцы побач з жонкай.

Праз даволі хуткі час іх сумеснае жыццё рэзка змянілася. Пры тым, змянілася ў лепшы бок.

Валянціна зацяжарыла. І маладыя, і іх бацькі з радасным нецярпеннем чакалі прыбаўлення ў сям’і.

Цяпер, самы час сказаць пра тое, а як жа маладажонцы вырашылі самае складанае пытанне ўсіх маладых, ды і многіх не маладых сем’яў — кватэрнае пытанне.

У Рамана і Валянціны гэта пытанне вырашылася, як кажуць, без вялікіх патрасенняў.

Валянціна жыла з маці ў трохпакаёвай кватэры, у даволі ціхім раёне на вуліцы Лермантава. Яе бацька, вайсковы афіцэр, ужо шмат гадоў таму, пайшоў з сям’і да другой жанчыны, пакінуўшы жонцы з дачкой кватэру.

Валянціне было дзесяць год, калі гэта адбылося, і больш свайго бацьку яна не бачыла. Вось Раман і перайшоў ад сваіх бацькоў, якія жылі ў двухпакаёўцы, да маладой жонкі і яшчэ не старой цешчы.

Маці Валянціны, Ганна Гаўрылаўна, працавала галоўным бухгалтарам у адной дзяржаўнай установе, і была вельмі рада паяўленню мужчыны ў іх сям’і.

Бацькі ж Рамана былі звычайныя, простыя людзі — бацька працаваў шафёрам, маці прыбіральшчыцай ва ўнівермазе.

Нарэшце, такое хвалюючае і ўсімі чаканае прыбаўленне ў сям’і адбылося. Валянціна нарадзіла хлопчыка. Ганна Гаўрылаўна не магла стрымаць радасці:

— Цяпер у нашай сям’і два мужчыны — Раман і... Яна запытальна паглядзела на шчаслівых маладых бацькоў і спыталася:

— Раман і?..

Валянціна дапамагла маці:

— Мамачка! Мы з Раманам вырашылі — калі будзе дачушка, назавем яе Алесяй, а хлопчыка Глебам. Так што, мамачка, у нас ёсць Раман і Глеб.

— Цудоўна! — пляснула ў далоні Ганна Гаўрылаўна.— Глеб Раманавіч! Гучыць!

Затым спыталася ў зяця:

— А твае бацькі, Раман, не супраць Глеба?

— Што вы, Ганна Гаўрылаўна! Мае бацькі не супраць Глеба, былі б рады і Алесі.— засвяціўся шчасцем Раман.

Ганна Гаўрылаўна засмяялася:

— Будзе і Алеся! Месца ў сэрцы ўсім хопіць!

Маладыя зачырванеліся і прамаўчалі — значыць далі згоду і на дачушку.

 

Новае знаёмства

 

Раман, як і планаваў, паступіў на завочнае аддзяленне юрыдычнага факультэта БДУ. Валянціна настойвала, каб ён пайшоў па яе слядах і вучыўся на філфаку, але Раман аджартоўваўся:

— Два філолагі ў адной сям’і будуць дома спрачацца над кожнай коскай. Не! Лепш я буду табе, Валянцінка, тлумачыць твае правы і абавязкі.

— А пра свае абавязкі не забудзешся? — у сваю чаргу жартавала яна.

Глеб, ці як жартавала Ганна Гаўрылаўна, Глеб Раманавіч, рабіў ужо першыя крокі, што вельмі цешыла маладых бацькоў і іх бацькоў таксама.

Аднойчы Рамана, які вяртаўся з працы дамоў, спыніла дзяўчына.

— Скажыце, кал ласка, як мне прайсці...— яна зачырванелася і змоўкла.

— Куды вам трэба? — спытаў Раман.

Дзяўчына палезла ў сумачку.

— Ой, прабачце, не памятаю... Я зараз знайду назву вуліцы.

Пакуль яна корпалася ў сумачцы, Рамана агарнуў свой успамін, калі вос, амаль што так, ён чырванеўся перад сваёй будучай жонкаю.

— Ага, вось! — дзяўчына дастала паперку і прачытала: — Мне трэба знайсці Возніцкую вуліцу. Не падкажаце, дзе яна знаходзіцца?

— Ого! — здзівіўся Раман,— Даўно ў Мінску няма коннага транспарту, а вуліца такая ўсё ж ёсць. Гэта такі даволі ціхі куточак Мінска з драўлянымі дамамі. Ён, калі вы ведаеце горад, побач з вуліцай Розы Люксембург.

— Знайду! — бадзёра адказала дзяўчына,— Галоўнае, што ёсць арыенцір.

Тут вочы Рамана сустрэліся з поглядам незнаёмкі. Божа! — жахнуўся ён. Той жа акіян блакіту, які колісь убачыў ён у вачах Валянціны. Але сёння ў блакіце вачэй сваёй жонкі, ён згодзен купацца, патануць жа ў ім ужо не хацелася. А тут!.. Ён унутрана абамлеў.

— А вы не мінчанка? — прамармычаў ён.

— Мінчанка! — адказала дзяўчына, але вуліца нейкая старадаўняя, вось я і шукаю-блукаю.

— Ведаеце што! — прапанаваў узрушаны Раман,— А давайце я вам дапамагу адшукаць яе, тую вуліцу. Каб вы не блукалі, я правяду вас туды. Згодны?

Дзяўчына згадзілася:

— Ну, калі ў вас ёсць вольны час, я буду вам вельмі ўдзячна за дапамогу. А які транспарт туды ідзе? Спадзяюся, не конны?

— Пешшу! Толькі пешшу! — запаліўся Раман,— Вечар цудоўны, а часу ў мяне хапае.

— Тады, давайце знаёміцца! — прапанавала яна,— Мяне завуць Нінай. Я не замужам, жыву з бацькамі, вучуся ў медінстытуце. Вось уся мая анкета. Цяпер вы!

Раман горача і ўсхвалявана пачаў:

— Я — Раман... — Тут ён асекся. Яго запал як узнік, так і знік. Што ён мог пра сябе расказаць? Што жанаты? Што ёсць сям’я, сын і любая жонка? Ён пахаладзеў і ліхаманкава падумаў: «Любая? Так, любая. Але ж, маючы любую, не знаёмяцца з першай сустрэчнай. І не губляюць з першых хвілін галаву настолькі, што гатовы патануць у блакіце яе вачэй...»

Ніна здзівілася паўзе:

— Вы Раман і ўсё? Раманы звычайна вялікія, а ў вас і паўстаронкі няма.

Ён пачаў выкручвацца і на хаду прыдумляць:

— Пакуль што, я Раман і ўсё... Мне не ўсё дазволена пра сябе распавядаць... Магчыма, пазней...

Дзяўчына паціснула плячыма:

— Разумею... У вас такая работа ці служба... А я і не настойваю. Пазней дык пазней. У гэтым нават болей цікавасці, інтрыгі.

Ніна аказалася на дзіва гаваркая, вясёлая, як кажуць, камунікабельная. Раман жа, звычайна таксама лёгкі на слова, сёння быў стрыманы і сур’ёзны. Ён старанна падбіраў словы, пазбягаў непрыемных і недазволеных у такой сітуацыі тэм, што, у сваю чаргу, сапраўды, заінтрыгоўвала яго субяседніцу.

За размовай, непрыкметна прыйшлі на вуліцу Возніцкую, ціхую і ўтульную, быццам гэта была не гарадская, а вясковая вуліца. Драўляныя дамы патаналі ў садах і розных дрэвах, сярод якіх узвышаліся велічныя таполі. Амаль на кожным двары чуўся сабачы брэх, на шпагатах сушылася бялізна.

 

На мяжы разладу

 

Жанчына, у адносінах з мужчынам, асабліва з блізкім мужчынам, з мужам, не благі псіхолаг. Яна сваім унутраным пачуццём улоўлівае нават самыя нязначныя адхіленні ў паводзінах свайго «пацыента».

Вось і Валянціна адразу ж заўважыла ў паводзінах Рамана штосьці, дагэтуль нябачнае яе сэрцам. Ён заставаўся, быццам, ранейшым Раманам, і ў той час, быў іншым, нават у нечым незнаёмым. Валянціна далікатна не лезла з роспытамі.

Але і Раман, будучы, здавалася б, меншым псіхолагам, перахопліваў яе занепакоеныя погляды і супакойваў яе:

— Усё добра, Валёчак, усё добра. Складанасці на працы, ды і вучоба патрабуе намаганняў. Гэта ўсё часова...

Ён шчыра верыў у тое, што ўсё «гэта» часова. Ніна забудзецца, звычайнае знаёмства. Але не думаць пра яе не мог.

«Нейкае насланнё.— думаў ён,— ці ж я не кахаю Валю? Глебу два гадочкі, сям’я як сям’я, многія нават зайздросцяць нам. Ой, трэба брацца за розум...»

Але ж, каб сардэчныя справы падпарадкоўваліся розуму, не было б разводаў ды дзяцей сірот пры жывых бацьках. Уся бяда ў тым, што, як кажуць людзі, розум ззаду. Бывае, спахопіцца чалавек, кінецца да свайго запозненага розуму, а шмат ужо чаго не вернеш. Тады гэты ж, запознены розум, да канца жыцця крывавіць душу, як бязлітасны суддзя.

Валянціна, бывала, адкідвала далікатнасць і больш настойліва пыталася:

— Ды што з табой, Рома? Размаўляеш са мной, а думкамі далёка, гуляеш з Глебам, а глядзіш міма яго. Раней ад тваіх абдымкаў можна было захлынуцца, настолькі яны былі гарачымі і моцнымі, сёння яны, вялыя і абыякавыя. Мы ж толькі тры гады як ажаніліся.

Маці Валянціны, Ганна Гаўрылаўна, застаўшыся без мужа, употай ад Рамана вучыла дачку:

— Ты, дачушка, асабліва не лезь яму ў вочы з допытам. Мужчыны гэтага не любяць. Невядома яшчэ што ў яго — можа і сапраўды на працы непрыемнасці, а магчыма... усё, дачушка, магчыма.

Валянціна выглядала падраненай птушкай, у якой адно перабітае крыло не дае ўзляцець.

— Дык што ж рабіць, мама?

Маці супакоіла яе:

— Чакаць, дачушка, і спадзявацца. Галоўнае, пакуль рабі выгляд, што нічога незвычайнага не адбываецца, што цябе нічога не непакоіць. Хачу верыць, што час будзе за нас.

 

Час супраць

 

Раман, адчуўшы палёгку з боку паводзінаў жонкі, змяніў і свае паводзіны. Дома выглядаў весела, праяўляў большую ўвагу да Валянціны і зацікаўленасць да сына. Нават сваім абдымкам надаваў, хоць і не зусім шчырую, але моцнасць і гарачасць.

Але, у гэты ж час, праяўлялася і большая гарачасць у яго адносінах да Ніны.

Сустракаліся яны рэгулярна, спачатку не надоўга, затым расставацца яму з ёй было ўсё цяжэй і цяжэй.

Але для таго, каб іх сустрэчы доўжыліся, неабходна было гэты час выкрадаць у сям’і. Раман выкручваўся, наколькі дазваляла яго фантазія і сумленне. Дапамагала вучоба. І хоць сесія заканчвалася, ён, быццам бы, бег з курсавой работай да сябра ці на кансультацыі да прафесійных юрыстаў.

Яго адносіны з Нінай даўно выйшлі з рамак звычайнага знаёмства. Цяпер ужо Ніна трапятліва адчувала яго моцныя і гарачыя абдымкі, цяпер яна захлыналася ад яго пацалункаў і ап’яняльных слоў. Паміж імі ўзнікла сапраўднае каханне.

Але якое каханне з боку Рамана было больш сапраўдным? Да Валянціны, да сям’і, ці да малазнаёмай дзяўчыны.

Раман балюча шукаў адказ на гэта пытанне і не знаходзіў яго. Пакахаўшы Ніну, ён працягваў кахаць і сваю жонку.

«Ці ж бывае так?! — палахліва думаў ён,— Відаць, усё ж бывае»,— няўпэўнена адказваў сабе.— «А што ж рабіць мне? — зноў задаваў пытанне Раман і з горыччу адказваў сабе — Ой, не ведаю!»

Надышоў час, калі Ніна прадставіла Рамана сваім бацькам. Хаця прадстаўленне адбылося, як і знаёмства з Раманам, рэбусным. Яна не ведала пра Рамана сама амаль нічога, таму і бацькам рэкамендавала яго даволі туманна:

— Вось гэта Раман... мой блізкі сябар. А гэта, Рома, мае мама і тата — Сафія Фёдараўна і Глеб Антонавіч.

У Рамана ледзь не саскочыла з языка.— «Ого! Твой бацька цёзка майго сына...» — але ён своечасова прыкусіў язык.

Бацька Ніны ўдакладніў:

— Твой блізкі сябар? А наколькі блізкі?

Сафія Фёдараўна прыйшла на выручку маладым:

— Табе з першай хвіліны ўсё хочацца ведаць. Прыйдзе час і яны самі ўсё нам дакладуць.

Бацька не адступаў:

— І ўсё ж, і для першай хвіліны малавата... Раман і ўсё. Мне цікава, малады чалавек, даведацца крыху болей. Кім і дзе вы працуеце, хто вашы бацькі? Такі няпісаны закон усіх знаёмстваў, асабліва такога спецыфічнага, як наша.

Тут ужо «кінулася на амбразуру» Ніна:

— Татачка! Давай падрабязнасці пакуль апусцім. Я за Рамана магу толькі сказаць, што ён, па роду сваіх заняткаў і службы, не мае права раскрываць сябе. Пакуль не мае права...

Бацька пакруціў галавой:

— Ого... Гэтак дык гэтак... Я ў службовыя тайны не лезу. А вось у нас з Сафіяй Фёдараўнай біяграфічная анкета без грыфу «сакрэтна». Яна працуе настаўніцай, а я брыгадзір мантажнікаў-будаўнікоў. Шмат да якіх будынкаў у Мінску прыкладаліся мае рукі. Стаў, жонка, самавар на стол, будзем піць чай.

 

Пятля зацягваецца

 

Пасля гэтага знаёмства, Раман амаль фізічна адчуў, як зацягваецца пятля на яго шыі. Гэтым візітам, на якім настойвала Ніна, ён пасадзіў сябе на ланцуг нейкіх сваіх далейшых канкрэтных дзеянняў і абавязкаў перад Нінай.

Гэты ж віртуальны ланцуг не дазваляў яму па-сапраўднаму набліжацца да сваёй сям’і — да Валі, якую ён працягваў, няхай і не па-ранейшаму палка кахаць, да любімага сына.

Зноў неадступнае пытанне: — «Што рабіць?» Па-ранейшаму ўжо ўсё не магло быць. Кінуць сям’ю? Не! Гэта зрабіць Раман не мог. Кінуць Ніну? І гэта не!

Ніна ж успрымала Рамана, як звычайнага, халастога хлопца, прыгожага і ўнутрана цікавага. Яна не хацела яго губляць, таму настойвала на лагічным, у такіх выпадках, завяршэнні іх вольных адносінах.

Калі Раман пачуў ад яе прапанову аб шлюбе, у яго пацямнела ў вачах. Ён катэгарычна аднекваўся, але пачуўшы ад Ніны, што яна цяжарная ад яго, пахаладзеў. Яму стала цяжка дыхаць — пятля сціскалася.

— Я павінен падумаць, усё ўзважыць,— выдыхнуў ён,— Увогуле, я не супраць, але...

— Што, але? — здзівілася яна.

Раман настойваў на сваім:

— Я павінен усё ўзважыць.

— Доўга будзеш узважваць? — пацікавілася яна,— Я пачакаю, але вось ён ці яна,— Ніна паказала на жывот,— доўга чакаць не могуць.

 

На дзве сям’і

 

У такіх абставінах і жалезны чалавек паводзіў бы сябе нервова, а што ўжо казаць пра маладога мужчыну, які нечакана аказаўся між молатам — сям’ёй, і накавальняй — Нінай.

Валянціна бачыла, што з мужам адбываецца нешта складанае і балючае. Яна адчувала і складанасць свайго становішча, і боль уласнага сэрца.

— Раманчык, выкладзі ўсё, што ў цябе на душы, даверся мне і табе стане лягчэй. Што адбываецца, любы?

— Не цягні мяне за душу! — узмаліўся ён,— Не цягні, прашу цябе!

Забыўшыся, што ён перад жонкай, а не перад Нінай, Раман выдыхнуў:

— Мне трэба ўсё ўзважыць...

— Што ты хочаш узважыць? — жахнулася Валянціна.

Раман адсутнічым поглядам паглядзеў на яе і перапытаў:

— Узважыць?.. Так, нічога...

 

*

Раман усё «узважваў». Кінуць сям’ю ён не мог. Без Валянціны і Глеба сябе ён не ўяўляў. Не бачыць Ніну таксама не мог. Тым больш цяпер, калі яна носіць пад сэрцам дзіця. Яго дзіця!

З гэтага бязвыйсця ён бачыў толькі адно выйсце — карыстаючыся сваім інкогніта перад Нінай, працягваць захінацца ад рэальнасці сваёй засакрэчанасцю. Ён усё прадумаў да драбніц і, калі Ніна чарговы раз загаварыла аб шлюбе, бадзёра падтрымаў яе:

— Я згодзен! Згодзен на ўсе сто! Пара кідаць нам нашы пазавугольныя адносіны і пераходзіць да сямейнага ладу жыцця. Дзіця, убачыўшы гэты свет, адразу ж павінна ўбачыць і сваіх бацькоў.

— Цудоўна! — радасна ўсклікнула Ніна,— Які ты малайчына! Гэта я і чакала пачуць ад цябе. Скажу табе па сакрэту, што мае бацькі не могуць дачакацца таго імгнення, каб блаславіць нас.

Раптам Ніна пахмурнела.

— Дарэчы, а ты мяне нават не прадставіў сваім бацькам. Ды і гаворку ты пра іх ніколі не пачынаў і не падтрымліваў. Ці ты лічыш мяне такой ужо страшненькай, што не знаёміш з імі?

Пахмурнеў у сваю чаргу і Раман.

— Давай лепш не кранаць гэту тэму... У мяне няма бацькоў, я сірата і выхоўваўся ў дзіцячым доме. І жыву я пакуль у інтэрнаце, таму ніколі не запрашаў цябе да сябе.

— Ой... — уздыхнула Ніна,— Прабач, Раманчык. Не гаруй ужо так — цяпер мае бацькі будуць і тваімі. Ды і жыць ты пярэйдзеш да нас.

— Але,— і Раман набыў рашучы выгляд,— У мяне ёсць адно пажаданне, нават умова.

Ніна насцярожылася:

— Умова? Якая ўмова?

Раман працягваў больш рашуча, даючы зразумець, што другога варыянту не прыме:

— Мне не вельмі даспадобы розныя там ЗАГСы-шмаксы. Хіба ж людзей аб’ядноўвае нейкая паперка? Людзей яднае каханне. Не будзе кахання і ЗАГС не ўтрымае. Вунь колькі людзей жывуць у грамадзянскім шлюбе. Думаю, што і мы можам гэтаксама жыць.

Ніна напалохалася.

— Ды што ты гаворыш, Рома? Я ж мару ўзяць тваё прозвішча. А наша дзіця! На чыё прозвішча яго запішам? А мае бацькі? Што я ім скажу? Дзіўная твая ўмова.

Раман абняў Ніну:

— Сонейка маё! Не хвалюйся ты так. Пажывем з табой год-два без рэгістрацыі шлюбу, упэўнімся у сваіх пачуццях і — гайда ў ЗАГС.

— Ты не ўпэўнены ў сваім ці маім каханні? — жахнулася Ніна,— Ці ты ўвогуле не кахаеш мяне?

Раман ласкава пацалаваў яе:

— Кахаю! Яшчэ як кахаю! Ты ж сама гэта бачыш і ведаеш. І нікому цябе не аддам, толькі саступі мне ў гэтым... і яшчэ ў адным.

— У чым? — разгубілася яна,— Я ўжо баюся тваіх прапаноў і ўмоў.

Раман, як мага мякчэй, сказаў:

— Жыць мы будзем не ў тваіх бацькоў, а здымем сабе асобную кватэрку. Сям’я павінна быць незалежнай нават ад самых лепшых бацькоў. Сумеснае жыццё з імі хутка падпсуе нашы адносіны...

Раман, усё «узважваючы», добра ўяўляў, што, каб жыць на дзве сям’і, неабходна будзе красці час у адной сям’і, пераносячы яго ў другую і затым наадварот — абкрадаць другую сям’ю дзеля першай. Разумеў такую, амаль немагчымасць яго існавання, але адчуваў магчымасць свайго сэрца жыць на дзве сям’і. Як яно будзе на справе, да канца не разумеў, але зразумеў, што ўжо не адступіць ад дарунку ці кары лёсу.

Ніна перапытала:

— Дык у чым яшчэ я буду павінна табе саступаць? Перад чым яшчэ ты мяне паставіш, як перад фактам?

Раман, не адпускаючы яе з абдымкаў, усміхнуўся:

— Усё, сонейка маё! Ва ўсім астатнім саступаць табе буду я. Вось толькі яшчэ адна не зусім прыемная інфармацыя: у мяне часта здараюцца камандзіроўкі і я буду часова адсутнічаць.

— Часова на колькі? — спытала Ніна.

— Магчыма, што і на тыдзень, і болей,— адказаў ён.

Ніна ўпершыню праявіла нервовасць:

— Што ў цябе за работа? Што за тайны вакол тваёй асобы? Мяне гэта непакоіць. Маю я права ведаць, хай не ўсё, а асноўнае пра таго, хто збіраецца быць маім мужам? Маё жыццё належыць табе, Рома, а хто ты, я дасканала не ведаю. Ты лічыш гэта нармальным?

Раман зрабіў спробу супакоіць яе:

— Я лічу, што наша сумеснае жыццё адкажа на ўсе пытанні. Адкажа паступова і, як ты хочаш, дакладна. У нас будзе дзіця — і гэта адказ на галоўнае пытанне. Я цябе кахаю і я — твой.

 

*

Узважыўшы, як здавалася ўсё, Раман усё ж натыкнуўся на адну вельмі істотную праблему — грошы. Жывучы на дзве сям’і, трэба было і заробак дзяліць на дзве часткі. А заробак у сарціроўшчыка пасылак не зусім задавальняў і адну сям’ю. Чарговы раз пацвердзілася даўно вядомае — каханне патрабуе ахвяр. Давялося Раману, вышукваючы дадатковы час для другой, на паўстаўкі працы, таемна ад Валянціны кінуць сваю завочную вучобу. Але ж і сваё перыядычнае знікненне з сям’і, хай сабе і на тыдзень, неабходна было абгрунтоўваць. Зноў камандзіроўкі? Але якія могуць быць камандзіроўкі ў простага грузчыка з паштамта?

І ўсё ж толькі «камандзіроўкі» маглі ўратаваць Рамана ад сямейнага «прыгоннага права».

Таму аднойчы Раман звярнуўся да жонкі:

— Валёк! У мяне на працы ўводзяцца новыя парадкі. Апошнім часам пасылкі, якія мы адпраўляем адрасатам, не ўсе даходзяць да іх. Ці іх хто крадзе, ці самі недзе губляюцца — загадка. Таму мы, сартыроўшчыкі, па чарзе будзем іх суправаджаць ад месца да месца. І па чыгунцы, і нават самалётам. Вось...

Валянціна здзівілася:

— А што, няма аховы? А дзе ж запячатаныя кантэйнеры? А твая вучоба? У цябе ж часу і так не хапае. Ды кінь ты такую працу! Мала другіх?

Раман запярэчыў:

— Што ты, Валёк! Я ўжо даў згоду. Ды і ты адпачнеш ад мяне падчас маіх камандзіровак.

Валянціна ўскочыла:

— Адпачыць ад кахання? А ты? Ты будзеш адпачываць ад сям’і? Будзеш?

 

Развязка

 

Як ні былі бацькі Ніны супраць грамадзянскага шлюбу іх дачкі з малазнаёмым хлопцам, абставіны прымусілі пайсці насустрач маладым.

А абставіны былі вельмі важкімі. Гэта — цяжарнасць дачкі. Што ж тычыцца так званага шлюбу, дык знешне ён, гэты шлюб, ніяк не вызначыўся. Проста двое маладых людзей, па нейкай, толькі ім вядомай змове, пачалі жыць разам.

Праўда, бацькі Ніны, асабліва Глеб Антонавіч, катэгарычна адмовіліся адпускаць дачку жыць асобна ад іх, тым больш цяпер, цяжарную.

Глеб Антонавіч, што называецца, прыпёр Рамана сваімі перакананнямі да сцяны:

— Ты, Раман, не яршыся! Дзіця нападыходзе. Хто вам там дапамагаць будзе? У цябе камандзіроўкі, Ніна яшчэ маладая, нявопытная. Вось мы з Соняй і падсабім. У нас месца хопіць усім. Ды і табе, сіраце, хопіць выціраць вуглы ў інтэрнаце — раз сям’я, значыць сям’я.

Раману, як кажуць, не было чым крыць. Ён пачаў жыць з Нінай у яе бацькоў — у сваіх новых цешчы і цесця. Жыццё для яго аказалася нервовым, напружаным, затое ён, як яму здавалася, не здрадзіў ніводнаму каханню.

У такой мітусні — дзве сям’і, дзве працы,— час ляціць асоба хутка, таму неўзабаве, у новай Раманавай сям’і закугукала дзіця. Дзяўчынку назвалі Насцяй.

Глеб Антонавіч па-сяброўску паклаў руку на плячо свайму зяцю і з цеплынёй сказаў:

— Як толькі Ніна з Насценькай крыху падкрэпнуць, адзначым гэту падзею. Адзначым!

 

*

Сафія Фёдараўна, маці Ніны, як настаўніца, якая выкладала ў пачатковых класах, часцяком завітвала — то адна, то з вучнямі ў дзіцячую бібліятэку, дзе і пазнаёмілася з маладой і ветлівай загадчыцай бібліятэкі, Валянцінай. З часам іх знаёмства перарасло ў цёплыя адносіны двух, улюбёных ў агульную тэматыку жанчын.

Звязвалі іх не толькі агульныя духоўныя тэмы, але і сямейныя справы і навіны, якімі жанчыны між сабой не маглі не дзяліцца.

Такім чынам Валянціна даведалася ад шчаслівай Сафіі Фёдараўны, што тая стала бабуляй, што ў яе дачкі з мужам нарадзілася чароўная дзяўчынка Настачка.

Сафія ж Фёдараўна даўно ўжо ведала, што ў Валянціны і яе мужа ёсць сыночак Глебка.

Жанчын замілоўвала супадзенне імёнаў Валянцініна мужа і мужа Ніны — абодва Раманы. Але ці ж мала ў жыцці супадзенняў?

Калі ж Сафія Фёдараўна аднойчы прапанавала Валянціне адзначыць разам нараджэнне Насці, Валянціна ўзрадавалася:

— Я прыйду з задавальненнем! Гэта ж цуд — нараджэнне чалавека! Вось толькі мой Раман у камандзіроўцы...

— А вы, без яго! Будзе ён, вернецца з камандзіроўкі, прыходзьце разам, не — дык іншым разам прыйдзеце.

На развітанне Сафія Фёдараўна пажартавала:

— Ды і самыя маладзенькія пазнаёмяцца. У вас — Глеб, кавалер, у нас — Настасенька, барышня. Глядзіш, падрастуць і параднімся.

 

*

У нядзелю запланавалі адзначаць галоўную падзею ў жыцці чалавека — яго народзіны.

Усе былі шчаслівыя, узрушаныя. Ніна запрасіла двух сваіх, пакуль незамужніх сябровак, Раман Гаўрылавіч, улічваючы, што яго зяць Раман, быў непітучым, чакаў свайго даўняга сябра, а Сафія Фёдараўна з вясёлым смехам заявіла:

— А я запрасіла да нас будучага мужа нашай Настасенькі.

Усе здзівіліся:

— Якога мужа? Яна вунь спіць сабе спакойненька і не рэагуе на сваё свята.

— Прыйдзе, пабачыце! — усміхнулася Сафія Фёдараўна, затым спыталася ў зяця: — А ты, Раман, запрашаў каго-небудзь?

— Не! Іншым разам.— адказаў Раман,— Ды і заняты быў я.

Калі прыйшлі Нініны сяброўкі, нечакана высветлілася, што стол накрыты, ўсё гатова, а вось пра хлеб усе забыліся.

— Я хутка! — азваўся Раман,— Крама даволі блізка.— і ён падаўся за дзверы.

Усе, з дазволу Ніны, замілоўваліся Насцяй, якая салодка пасапвала носікам.

Званок у дзверы адарваў усіх ад гэтага прыемнага занятку.

— А вось і Настасенькін будучы муж! — кінулася да дзвярэй Сафія Фёдараўна. Адчыніла іх і адступіла. У дзвярах стаяў сябар Глеба Антонавіча з тортам у руцэ.

— Вось дык Насцін муж! — выдыхнуў хтосьці з сябровак Ніны,— Стараваты для яе.

Сафія Фёдараўна замітусілася:

— Гэта не ён! Што вы?

Тут жа ў дзвярах паказалася Валянціна з Глебам, які ў руцэ трымаў нейкую пагрымушку, відаць, падарунак для сваёй «будучай жонкі».

— А вось гэта ён! — засвяцілася Сафія Фёдараўна,— Праходзьце, калі ласка, вас толькі чакаем!

Шуму і мітусні ў кватэры значна дадалося.

Як і належыць, «жаніху» паказалі «нявесту». Усе захапляліся Насцяй.

— Сядаем за стол. Калі ласка! — цяпер ужо камандаваў Глеб Антонавіч, пачэсваючы вусы.

Гаспадыня падтрымала яго:

— За стол! За стол! Хлеб на падыходзе. Пакуль наліем у кілішкі, і Раман будзе тут. Прашу!

Усе па-святочнаму узрушаныя, расселіся за сталом. Пачулася традыцыйнае бульканне з бутэлек і бразганне відэльцамі.

Адчыніліся дзверы і ў кватэру ўскочыў з хлебам расчырванелы Раман.

— А вось і я!

Убачыўшы прысутных, Раман збялеў.

Валянціна кінулася да яго:

— Ты з камандзіроўкі? Ой, малайчына! Але як ты даведаўся, дзе мы з Глебам?

Павярнулася да застольшчыкаў:

— Знаёмцеся, гэта Раман, мой муж і бацька Глеба! Я вам, Сафія Фёдараўна, расказвала пра яго.

Пачуўшы аглушальную цішыню і адчуўшы, што адбываецца штосьці незразумелае, Валянціна няўпэўнена спыталася ў гаспадароў:

— Вы не рады, што мой муж без запрашэння прыйшоў сюды? Ці што?..

Ніна, з поўнымі слёз вачыма, сядзела нерухома, бялейшая за снег. У калысцы раптоўна прачнулася і заплакала Насця.

З-за стала ўстаў Глеб Гаўрылавіч і падышоў да Валянціны з Раманам.

— Мы не рады, што ён прыйшоў? Наадварот, мы ў захапленні. Праходзьце — як вас, Раман? — знаёмцеся: гэта мая дачка Ніна, а ў калысачцы яе дачушка Настасенька. Чамусьці яна, пры тваім,— як цябе, Раман? — прыходзе заплакала. Хаця чаго тут дзівіцца, прыйшоў чужы чалавек.

Валянціна, яшчэ нічога не разумеючы, глядзела на акамянелага Рамана і дрыготкім голасам пытала:

— Што адбываецца, Раман? Што адбываецца? Растлумач!

За яго адказаў зноў жа Глеб Гаўрылавіч:

— Яму тлумачыць нельга, ён засакрэчаны.

Раптоўна ачуняла і ўскочыла Ніна, схапіўшы Рамана за руку:

— Ты бацька гэтага хлопчыка? Ты! Што ж ты маўчыш?

Яна ўзяла з калыскі Настасеньку, прыціснула да грудзей і скрозь слёзы выкрыкнула:

— Калі ты бацька гэтага хлопчыка, дык ты не бацька маёй дачушкі! Тут няма нават тваіх знаёмых, ты — чужы! Чужы для ўсіх нас!

*

Раман доўга плытаў па горадзе, раздушаны і знішчаны апошнімі падзеямі. Куды падацца? Да сваіх бацькоў? А што ён ім скажа?

Ён, не здрадзіўшы, як лічыў, ніводнай сям’і, па-сутнасці застаўся адзін, як сапраўдны сірата. Ён нікому не патрэбен.

Думка апякла: «А раптам!..»

Раман, абнадзеены гэтым «раптам», спатыкаючыся ад спешкі, крочыў да Валянціны. Яна ж мая жонка! Глеб жа мой сынок! Ды не можа такога быць, каб я ім быў непатрэбны. Нас столькі агульнага звязвае.

Падышоўшы да дзвярэй кватэры, якая была яго домам, утульным бытам, Раман з болем заўважыў ля дзвярэй чамадан, зверху якога ляжала яго зімовае паліто.

«Усё!» — штосьці адарвалася ў яго ў сярэдзіне.

Раман узяў чамадан, не зазіраючы ў сярэдзіну, і зноў паплытаў па вячэрняму Мінску.

«Што цяпер?.. Куды цяпер?..» — стукала ў скронях.

Зноў успыхнула надзея: «А раптам!..»

Ніна сказала, што я чужы, пагарачылася. Там жа наша з ёй дачушка, там жа...

Але і каля дзвярэй Нінінай кватэры яго самотна чакаў другі чамадан.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 8. Вершы. Паэмы. Гумарэскі. Байкі. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 511 с.