epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

На крылах узнёсласці

Светлай памяці

Максіма Багдановіча

 

Дзед сядзеў ля расчыненага акна і курыў, баба — ля другога акна на лаве і штосьці цыравала-зашывала. Абое былі ў такім настроі, у такой глыбінна спакойнай душэўнай раўнавазе, калі цішыня робіцца найлепшым суразмоўцам.

Такое бывае і ў прыродзе глыбокай восенню, калі ўсё выбрана-прыбрана, усё адзелянела-адквітнела, усё адгаманіла-адспявала, і толькі запозненая, сумная песня нейкай птушачкі прапануе сябе ў суразмоўцы цішыні і спакою.

Нечакана для сябе баба, як тая запозненая птушка, амаль не парушаючы цішыні, ціхенька заспявала:

Абдымай мяне,

Цалавай мяне,

І бяда-нуда

Сэрца абміне...

І атрымалася так, што бабіны спевы ляглі на дзедаву песню, бо дзед, гледзячы некуды далёка-далёка, адначасова з бабай праспяваў:

Ой ты, конь, гарачы конь,

Нос павесіў штосьці!

Мы на кулі і агонь

Чхалі ў маладосці!..

Дзед кісла скрывіўся і зірнуў на жонку:

— І што ў цябе за песня? Што гэта за словы «цалавай мяне»?

— У цябе дык конь можа нос павесіць, а мяне цалаваць у песні нельга! — не перастаючы шыць, адказала баба і зноў ціхенька зацягнула:

Я каханнем даражыла,

Я на картах варажыла —

Хай мая саперніца

Ад цябе адвернецца...

І зноў бабіна песня скрыжавалася з дзедавай, якая сама сабой саскочыла з дзедавага языка:

Вып’ем, хлопцы, па адной,

Вып’ем следам па другой,

На трэцюю прыцэлімся,

А раніцай пахмелімся...

— І што ты ўсё мне перашкаджаеш? Адкуль ты іх выкопваеш, гэткія песні? Ці ж ёсць у цябе саперніца? — зноў крывіцца дзед.

— У мяне што думаецца, тое і спяваецца,— спакойна адказала старая,— а ў цябе, бачу, што спяваецца, таго і жадаецца... Адпахмяляўся ты сваё, даражэнькі!

— Ты торкаеш увесь час сваёй песняй упоперак маёй! — скардзіцца дзед.— Вось я зараз заспяваю, а ты падмагні! — і дзед зацягнуў:

Я раніцай роснай

Касіў сенажаці...

— Ну, падпявай:

Я раніцай роснай...

— Ды не ведаю я гэтай песні! Першы раз яе чую,— прызнаецца баба.— Лепей я зацягну, а ты за мной падцягвай, толькі не перакрыквай! — і старая зацягнула:

Я з рамонак белых

Напляла вяночкаў...

Ну, давай падцягвай! Толькі не перакрыквай!

Я з вяночкаў белых...

— Адкуль мне ведаць пра твае вяночкі? Я і рады быў бы цябе перакрычаць, ды таксама першы раз чую гэта! — махнуў дзед рукой.

— Ну вось,— абураецца баба,— жыццё разам пражылі, на адным ложку спалі, з адной міскі елі, адно гора гаравалі, а штосьці разам праспяваць не атрымліваецца...

— Чаму не?! — схамянуўся дзед.— А вось гэту во... ну, як яна толькі пачынаецца? Ну, ты яе павінна ведаць!

— Ты пачні, пачні! — адклала баба ўбок іголку.

— Забыўся...— сумеўся дзед.— Круцілася вакол мазгоў і... не магу за яе ўхапіцца...

— Давай другую! Зацягвай! — просіць баба.

— І другую забыўся... Вось такія мае песні, як «Я штыком праткну наскрозь ворага праклятага...» ці...

— Не трэба мне твой штык з ворагам! — перапыняе баба дзеда.

— Адзічэлі мы,— уздыхнуў стары,— гасціць перасталі і гасцей не склікаем, вось песні і выміраць у душы пачалі... Ты думаеш, чаму чалавечае жыццё карацее? Спяваць перасталі! А без песні чалавек, як расліна без вады — доўга не жыве...

— Ты сядзь да мяне! — запрашае баба.— Няўжо нічога разам не спяём? Паміраць будзе сорамна...

Дзед сеў на лаву ля жонкі, з надзеяй зазіраючы ёй у вочы. Баба ўглыбілася ў свае думкі і раптам зацягнула:

Зорка Венера ўзышла над зямлёю...

Дзед схамянуўся, маладымі агеньчыкамі засвяціліся выцвілыя яго вочы, і падцягнуў душэўна, не перакрыкваючы жонку:

Светлыя згадкі з сабой прывяла...

І ўжо разам:

Помніш, калі я спаткаўся з табою,

Зорка Венера ўзышла...

І раптоўна памаладзелыя старыя, быццам на крылах, узняліся душой высока-высока і на адным дыханні даспявалі цудоўную песню.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 3. Апавяданні. Аповесці / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 551 с.