epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

На крылах вечнасці

Усіх нясуць гады

На крылах вечнасці.

Куды?

Не ведаем пакуль,

На жаль.

Хто ў кіпцюры патрапіць

Вечнай нечысці,

А хто да Госпада

На вечны баль.

 

Ад нецярпення мне

Свярбіць патыліца —

Хто па анкеце я,

Ядрона маць?

Душа, хоць грэшная,

Да Бога хіліцца,

Ў яго хацелася б

Пабаляваць.

 

Я пры жыцці пасціў,

Хаця й канчаўся пост,

Бо мой дзіравы быў

Жыццёвы дах.

Я бы у Госпада

Падняў святочны тост —

За тых, хто ў нечысці

У кіпцюрах.

 

Бо хто бязгрэшна жыў,

Быў той пасвенчаны

Жыцця пакутамі,

Ад іх знямог.

Хто працаваў жыццё,

Лічыў капейчыны,

На іх як быццам бы

Забыўся Бог.

 

Пра гэта чута шмат

І шмат прачытана,

Бывае збой дае

І час-каваль.

Баюся, ў вечнасці

Ўсё пераблытана:

Бязгрэшны — ў кіпцюры,

Жульё — на баль.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 11. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2019. - 452 с.