epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

На маёй Лагойшчыне

На маёй Лагойшчыне адзінай —

Самыя духмяныя пракосы.

Над маёй маленькаю Радзімай —

Самыя блакітныя нябёсы.

 

На маёй Лагойшчыне прачыстай —

І выток крынічны самы чысты.

Над маёй Лагойшчынай лясістай —

Спеў салоўкі самы галасісты.

 

Мой зямляк — славуты, знакаміты

Тым, што з роднай мовай век зжывае,

Тым, што шчыры, сціплы, працавіты,

Тым, што злосці ў сэрцы не трымае...

* * *

Пра цябе, мой край, дапісваць мушу:

Я пракос перавярну, узрушу,

Каб зімой кароўцы прыпаднесці,

Ды бяда — сянцо ці можна есці?

 

Лёс нялёгкі пагаршае кара —

Чорная паўзе па небе хмара.

І няма нябеснага блакіту,

І баліць зямельцы, сэрцу, жыту...

 

Ой, выток — гаючая вадзіца!

Прагнулі й дзяды цябе напіцца —

Сёння штось крынічанькі не гояць,

Іх бруенне небяспеку тоіць...

 

Белае, чаромхавае мора —

Салавейка тут спяваў учора.

Сёння ён асіп, пяе нясмела

І чаромха раптам пачарнела...

 

Землякі мае, аднавяскоўцы,

Чорную траву даюць кароўцы,

Чорную ваду бяруць з крыніцы,

Жыта сеюць чорнае, пшаніцу.

 

Нас Чарнобыль атуліў без спросу,

Перафарбаваў людскія лёсы.

Мы жылі й дагэтуль чорна-бела,

А цяпер і белае счарнела.


1980-1990

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.