epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

На пасашок

Лугі здзічэлі, параслі быльнёгам,

Лугі без сенакосцаў — не лугі.

О, як усё мяняецца пад Богам —

Не тыя вёскі ўжо, і я другі.

 

І мне штогод цяжэй пытанні несці

Праз заняпад вясковай нематы:

Каму касіць? Хто будзе сена есці?

Туга хлявоў? Шчарбатыя платы?

 

Што тут гуло жыццё, я ледзь угледзеў,

Гады — як аднадзёнак-матылёк.

Няма аднавяскоўцаў і суседзяў,

Апошні я — мой лёс «на пасашок»...


2007-2016

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.