epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

На печы

У хаце сялянскай, на печы,

Вядуцца ва ўсіх з даўніны

Сялянскія простыя рэчы —

Не могуць без печы яны:

 

Ватоўка — з дажджу-аблівакі,

Прамоклая многа разоў.

Залазяць сюды й небаракі

Валёнкі — з завей, маразоў,

 

Змакрэлыя ўшчэнт рукавіцы,

Анучы падпрэлыя — з ног

І дрэўка ў слязінках жывіцы —

Чаго тут няма — мой ты Бог!

 

Вісяць тут прысмакаў запасы:

Цыбуля зімуе ў вянках,

Шасток абвіваюць каўбасы

І спеюць сыры — у клінках.

 

І ўсё ж гаспадарыць на печы

Пасцілка — не згоніш з цяпла,—

Шануе замерзлыя плечы,

Каб цэгла не дужа пякла.


1980-1990

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.