epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

На розных берагах

Кажуць, праўды

ўсё ж няма ў нагах,

Ісціна — ад многіх бед збавенне.

Мы ж стаім

на розных берагах

Узаеманепаразумення.

 

Узаеманедаверу глог

Блытаецца колка

пад нагамі.

Дробязныя крыўды,

як быльнёг,

Пачынаюць прарастаць між намі.

 

Мне б рукою —

да тваёй рукі

Дацягнуцца —

й вось яно, спатканне!

Мы ж пакуль —

па розныя бакі

Нашага агульнага кахання.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 7. Вершы. Паэмы. Апавяданні. Казкі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 408 с.